Вы тут

Мінаховы здароўя — пра COVID-19 у Дзмітрыя Калдуна: плануецца да выпіскі

Дзмітрый Калдун з жонкай Вікторыяй / instagram.com/koldunmedia

Міністэрства аховы здароўя ў Telegram выказалася пра стан здароўя спевака Дзмітрыя Калдуна. Напярэдадні стала вядома пра яго шпіталізацыю ў 6-ю гарадскую бальніцу ў Мінску. Сам Калдун распавёў пра станоўчы вынік тэсту на каранавірус. Вядома, што 3 ліпеня ён выступаў на адкрыцці мультымедыйнага фантана ў сталічным парку Янкі Купалы. На тым урачыстым мерапрыемстве прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка (на відэа). "У Мінску няма каранціну, так што я мог дзе заўгодна падхапіць гэты вірус", гаварыў спявак пасля шпіталізацыі.

І вось цяпер Мінаховы здароўя адрэагавала "на шматлікія запыты" прыхільнікаў творчасці спевака. І высвятляецца, што каранавіруса ў Дзмітрыя Калдуна насамрэч няма і яго ўжо плануюць да выпіскі!

Паведамляецца, што Калдуна шпіталізавалі "з прыкметамі выяўленай інтаксікацыі невыразнага генезу". У бальніцы правялі "комплекс дыягнастычных мерапрыемстваў з мэтай выключэння, у тым ліку, віруснай пнеўманіі". Міністэрства аховы здароўя згадвае экспрэс-тэст на каранавірус, які здаваў спявак, калі адчуў сябе кепска і паднялася тэмпература. Высвятляецца, што ён "паказаў сумніўны вынік на наяўнасць імунаглабулінаў М". Пасля гэтага і было вырашана "правесці далейшую ПЦР-дыягностыку".

"На сённяшні дзень — дыягназ пнеўманія выключаны, таксама атрыманы адмоўныя вынікі ПЦР-дыягностыкі COVID-19 і адмоўны вынік колькаснага тэсту на наяўнасць антыцелаў", — гэта цытата з паведамлення Мінаховы здароўя. Цяпер стан Дзмітрыя Калдуна ацэньваюць як "стабільны".

"Пацыент плануецца да выпіскі на далейшае лячэнне ў амбулаторных умовах, — паведамляе далей Мінаховы здароўя. — Канчатковы дыягназ будзе выстаўлены па выніках лабараторных даследаванняў на наяўнасць узбуджальнікаў рэспіраторных захворванняў".

Калдун сцвярджаў, што тэст здавала і яго жонка Вікторыя і ў яе таксама быў станоўчы вынік. Пра стан яе здароўя Мінаховы здароўя нічога не паведаміла. Вядома, што яе не шпіталізавалі, а адправілі дахаты ў самаізаляцыю — сімптомаў заражэння каранавірусам не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.