Міхалок: Адмаўляцца ад беларускага грамадзянства не хачу

Лідар групы BRUTTO Сяргей Міхалок даў інтэрв'ю радыё BBC ў аўтарскай праграме Севы Ноўгародцава "БибиСева". Між іншым, у ёй ён гаварыў пра крымінальны пераслед у Беларусі.

“Не сакрэт, што беларускімі ўладамі былі ініцыяваныя некалькі крымінальных спраў — спачатку пракуратурай, потым Следчым камітэтам. Была сфабрыкаваная справа аб абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, — кажа Міхалок.

Ён распавёў у праграме, як "хаваўся" ў ЕС, Маскве, Кіеве, Кішынёве і Тбілісі, расказаў пра вандроўкі гурта і рэпетыцыі ў дарозе.

“Тое, што я з'явіўся ў Кіеве — не стане нечаканасцю, — распавядае Сяргей Міхалок. — Тут мы з "Ляпісамі" запісвалі тры самыя апошнія баявыя альбомы — "Рабкор", "Матрошка", "Вясёлыя карцінкі"... Тут жывуць нашы сябры.

Пасля таго, як мы падтрымалі Майдан і выступілі на ім, наша песня "Воіны святла" стала яго негалосным гімнам. "Рабкор", "Матрошка", "Браняносец" сталі гучаць на барыкадах і на вуліцах Кіева, на канцэртах, куды прыязджалі нашы беларусы з бел-чырвона-белымі сцягамі і крычалі разам з украінцамі антыімперыялістычнага крычалкі. Гурт "Ляпіс Трубяцкой" на працягу года трапляў пад жорсткі прэсінг. У мяне былі допыты з афіцэрамі ФСБ Расіі, якія пастаянна на канцэртах прысутнічалі, аператыўнікі з падраздзялення "Э" — гэта падраздзяленне па барацьбе з моладзевым экстрэмізмам, проста міліцыянеры. Я так звыкся з іх прысутнасцю, што мы для іх нават асобны столік рыхтавалі ў грымёрках".

Па словах Міхалка, яго новы праект — BRUTTO — сутыкнуўся з тымі ж праблемамі, што і ранейшы гурт. Таму штаб-кватэру BRUTTO было вырашана перанесці ў Кіеў.

“Мы не адмаўляемся ад свайго грамадзянства, мы па-ранейшаму грамадзяне Беларусі. Мы не лічым сябе дысыдэнтамі або маргіналамі. Тыя рэчы, якія мы апяваем, падзяляе вялізная колькасць беларусаў. Мы таксама лічым сябе часткай Еўропы, і нам няма справы да досыць слізкай палітыкі ўлады... То бок, калі і вашым, і нашым: і перамовы з Крамлём, і падтрымка сепаратыстаў ДНР і ЛНР, і ручканне з законнай уладай Украіны. Нам гэта не вельмі падабаецца. Мы лічым сябе вольнай незалежнай Беларуссю. Мая пазіцыя — гэта не пазіцыя маргінала. Таму адмаўляцца ад грамадзянства Беларусі я не хачу. Але для таго, каб легальна жыць у Кіеве, мы атрымаем тут від на жыхарства. Свабодная і, як мне здаецца, рэвалюцыйная Украіна нас прыняла добра".

Нагадаем, лідар гурта BRUTTO Сяргей Міхалок і прадзюсер Антон Азізбекян 24 студзеня сустрэліся з міністрам культуры Украіны. Яны папрасілі яго аб накіраванні запыту на прадастаўленне віду на жыхарства ў гэтай краіне і атрымалі станоўчы адказ.

Гурт Сяргея Міхалка плануе даць канцэрт у Марыупалі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі