Міхалевіч стане кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі БНФ?

Менавіта на такіх умовах ён згодны вярнуцца ў партыю. Новае кіраўніцтва прыняць назад экс-намесніка старшыні не супраць, але на сваіх умовах Як даведалася Еўрарадыё, былы намеснік старшыні Партыі БНФ, а зараз незалежны палітык Алесь Міхалевіч, днямі атрымаў прапанову вярнуцца ў склад партыі. Міхалевіч кажа, што не супраць вярнуцца, але на сваіх умовах.

Алесь Міхалевіч:
“Мне было прапанавана вяртанне ў партыю. Для гэтага неабходны, каб Сойм адмяніў сваё рашэнне аб маім выключэнні. Але на сённяшні дзень для мяне вельмі важна, каб у тым выпадку, калі я вярнуся ў Партыю БНФ, я адразу быў абвешчаны кандыдатам у прэзідэнты ад Партыі БНФ. На вялікі жаль, гаварыць пра такое рашэнне, прынамсі, на дадзены момант, зарана”.

Таму, кажа палітык, яго вяртанне ў партыю пакуль адкладаецца.

Нагадаем, што падчас з’езду Партыі БНФ, які праходзіў 5 верасня, Алесь Міхалевіч абвесціў аб сваім самавылучэнні кандыдатам у прэзідэнты ў якасці незалежнага кандыдата. Адмаўляцца ад сваіх прэзідэнцкіх амбіцый дзеля вяртання ў партыю ён не збіраецца. Менавіта таму і выстаўляе былым партыйным калегам такія ўмовы.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў пацвердзіў, што новае кіраўніцтва не супраць вяртання Алеся Міхалевіча ў партыю. Але, кажа, размова аб вяртанні ішла зусім у іншым кантэксце, чым гэта падае Міхалевіч.

Ігар Лялькоў: “Наўпроставага запрашэння для спадара Міхалевіча ў Партыю БНФ не было. А была размова пра тое, што калі Алесь Міхалевіч захоча аднавіць сваё сяброўства ў партыі, то цяперашняе кіраўніцтва не бачыць ніякіх падставаў для таго, каб адмовіць у гэтым яго жаданні. Але канчатковае слова было б за Соймам, бо менавіта Сойм папярэдняга складу прымаў рашэнне аб яго выключэнні. Таму вяртанне — абсалютна не выключаная справа, але ў тым выпадку, калі сам спадар Алесь Міхалевіч нейкім чынам задэкларуе такое сваё жаданне”.

Тым больш, кажа Лялькоў, не можа ісці размовы пра нейкія там умовы з боку Міхалевіча.

Ігар Лялькоў: “Паколькі мы яшчэ не вызначыліся ў прынцыпе з тым, будзем мы браць удзел у выбарах ці не, ці будзем вылучаць свайго кандыдата, ці падтрымаем нейкага іншага кандыдата, то да часу правядзення гэтага з’езду, які вызначыцца па выбарах, увогуле немагчыма казаць пра тое, што мы можам прызнаць ці Алеся Міхалевіча, ці якога іншага чалавека сваім кандыдатам у прэзідэнты”.

А пазачарговы з’езд Партыі БНФ, на якім гэтае пытанне павінна вырашыцца, пройдзе толькі вясной наступнага года. Пасля гэтага, калі рашэнне будзе станоўчым, кажа Лялькоў, Міхалевіч зможа нароўні з іншымі ўдзельнічаць у конкурсе па абранні партыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Калі да таго часу адновіць сваё сяброўства ў партыі. Але сам Міхалевіч лічыць, што ўступаць у перадвыбарную гонку за некалькі месяцаў да пачатку прэзідэнцкай кампаніі будзе запозна.

Алесь Міхалевіч: “Я лічу, што кандыдата трэба вылучаць за некалькі гадоў да выбараў. Тыя кандыдаты, якія будуць вылучаныя за поўгода, за сем месяцаў, яны будуць загадзя пройгрышнымі кандыдатамі. У іх не будзе магчымасці і часу для таго, каб арганізаваць і правесці эфектыўную выбарчую кампанію”.

Лялькоў жа, наадварот,  лічыць, што запозна не будзе. І наўпрост звязвае рашэнне аб удзеле партыі ў выбарах са зменамі, альбо іх адсутнасцю, выбарчага заканадаўства.

Еўрарадыё пацікавілася, ці магчыма, каб Партыя БНФ, адмовіўшыся ад удзелу ў выбарах, тым не менш актыўна падтрымлівала Алеся Міхалевіча. Але Ігар Лялькоў ухіліўся ад адказу на гэтае пытанне. Зазначыў толькі, што ў такім выпадку магчымыя два варыянты развіцця падзей: або сябрам партыі дазволяць самастойна вырашаць, ці браць ім удзел у выбарах і якога кандыдата падтрымліваць, ці забароняць увогуле удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі нейкім чынам.