Вы тут

Міхаіл Грабоўскі: Вынік зборнай — гэта на дадзены момант рэальны наш узровень

Міхаіл Грабоўскі, адзін з найлепшых беларускіх хакеістаў сучаснасці, прылятае ў Мінск у нядзелю 22 траўня. Ужо ў аўторак ён ідзе з сябрамі гуляць у футбол каля Цэнтру фрыстайла. Другі такі ж "таварыскі" матч ён праводзіць у чацвер. За гульнёй Міхаіла сочаць маці і тата.

Грабоўскі не проста прыйшоў паганяць мяч. Ён пачынае ўзнаўляцца пасля траўмы галавы, якую атрымаў чатыры месяцы таму падчас гульні за клуб НХЛ “Нью-Ёрк Айлендэрс”. У футбол Міхаіл гуляе нечакана добра і забівае галы, хоць у матчы бяруць удзел нават футбалісты “Крумкачоў”.

Тым часам у паўночнаамерыканскіх СМІ выходзяць трывожныя матэрыялы пра тое, што Міхаіл можа не ўзнавіцца пасля цяжкага і хранічнага страсення мозгу.

“Яшчэ адзін удар — і спорт для Грабоўскага скончыцца”, — разважае аналітык Дэн Сарасэні ў матэрыяле пра тое, ці варта было клубу НХЛ купляць Міхаіла за пяць мільёнаў долараў у год.

Сам Грабоўскі не згодны з паўночнаамерыканскім журналістам:

“Людзі пішуць, што думаюць. Думкі генменеджара “Айлендэрс” зусім іншыя. Мае — таксама. Давайце пакінем гэта пытанне на пачатак сезона (пачнецца ў пачатку кастрычніка, — Еўрарадыё). Нешта ёсць у гэтым матэрыяле праўдзівае, нешта — не. Але мне нельга здавацца, трэба працягваць трэніроўкі. Пра завяршэнне кар’еры стараюся не думаць, бо калі так робіш, у галаву лезуць няправільныя думкі. У мяне яшчэ ёсць час на тое, каб пагуляць у хакей.

Еўрарадыё: Як вы цяпер трэніруецеся і што будзеце рабіць далей?

Міхаіл Грабоўскі: Вось, у аўторак я згуляў у футбол у першы раз. Мне лепш стала. Галава лепш сябе адчувае. Цяпер я думаю проста пра аднаўленне здароўя. Пры маёй траўме трэба пастаянна падтрымліваць сябе ў форме, не збаўляць кандыцыі. Сёння падчас гульні ў футбол я шмат стаяў, таму што выконваў норму, якую мне прапісаў амерыканскі ўрач. Мне трэба бегаць ці круціць ровар 30-35 хвілін. Трэба падтрымліваць крывазварот і камунікаваць з людзьмі. Я гэта кажу на поўным сур’ёзе. Далей я буду набіраць форму, працаваць над трываласцю. Вельмі даўно я не катаўся на лёдзе. Паглядзім, што будзе. На лёдзе зусім іншыя хуткасці, сілавыя прыёмы.

Пра алімпійскую кваліфікацыю: усё магчыма…

 

Еўрарадыё: У такой сітуацыі ці зможаце вы згуляць за зборную у алімпійскай кваліфікацыі?

Міхаіл Грабоўскі: Усё магчыма, спадзяюся, што я папраўлю здароўе.

Еўрарадыё: Ці гутарылі вы пра гэта з кіраўніцтвам “Нью-Ёрк Айлендэрс”?

Міхаіл Грабоўскі: Пакуль не. Для іх у першую чаргу важна, каб я аднавіўся. Усё будзе залежаць ад здароўя.

Еўрарадыё: То бок ніякіх прагнозаў вы пакуль даць не можаце?

Міхаіл Грабоўскі: Мяне цешыць тое, што я сёння проста прабег, і ніякіх праблем не ўзнікла. З кожным днём справы ідуць усё лепш і лепш.

Міхаіл Грабоўскі сапернічае з кіраўніком "Крумкачоў" Дзянісам Шунтам

“Цяжка глядзець матчы, калі сам не гуляеш”

 

Еўрарадыё: Ці сачылі вы за гульнямі зборнай на апошнім чэмпіянаце свету?

Міхаіл Грабоўскі: Сачыў толькі за адной — з канадцамі. Мне складана разважаць пра вынік зборнай. Раней такое ўжо здаралася, напрыклад, калі прайгравалі Славеніі. Але гульня каманды на алімпійскай кваліфікацыі — гэта будзе іншы хакей, іншыя гульцы. Чэмпіянат свету — гэта была праверка маладых хлопцаў. Таму я буду перажываць, калі не дапамагу зборнай падчас кваліфікацыі.

Еўрарадыё: Вы праводзіце кэмпы для беларускай моладзі. Сочыце за гульнямі нашай юніёрскай зборнай і тэлефануеце маладым хакеістам. Чаму вы не сачылі за нацыянальнай зборнай?

Міхаіл Грабоўскі: Часу было не так і шмат, у мяне двое дзяцей. Гульні я не глядзеў, але праз інтэрнэт сачыў за вынікамі матчаў. Па-трэцяе, цяжка глядзець, калі ты сам не гуляеш… Калі “Нью-Ёрк Айлендарс” трапілі ў плэй-оф НХЛ, я імкнуўся не глядзець ніводнага матчу. Убачыў толькі два, і пасля іх не мог заснуць. Я спрабаваў увогуле адключыцца ад хакею і не думаць пра яго. Вы, напэўна, першыя журналісты, з кім я размаўляю пасля чатырохмесячнага перапынку. Што тычыцца зборнай, мне было важна паглядзець гульню з канадцамі: над чым трэба працаваць і чаму надаваць увагу.

Еўрарадыё: Якія высновы вы зрабілі?

Міхаіл Грабоўскі: Мне шкада нашых маладых хлопцаў, якія не абучаныя дэталям, нюансам і дробязям. Мы прайгралі з-за дробязяў, якія проста не вучым у нашым хакеі ў дзяцінстве. Каб вырасці трэнеру, ён павінен фанацець хакеем, глядзець усе гульні, тыдзень разбіраць тое, як канадцы гуляюць. Калі такія людзі ёсць, з іх, напэўна, і атрымаюцца нармальныя трэнеры. А я не ўпэўнены, што нашы трэнеры дзіцячыя і клубныя разбіраюць такім чынам гэтыя гульні.

Еўрарадыё: Ці можа малады спецыяліст вырасці, калі зарабляе трыста долараў? Ці праедзе ён далёка на адным фанатызме?

Міхаіл Грабоўскі: Прывяду вам у прыклад свайго тату, які прадаваў апошнія рэчы, каб вазіць мяне на турніры. У мяне быў такі трэнер — Баранаў, які пастаянна цікавіўся момантамі, якія я назваў. Хлопцы, якія тут са мной толькі што гулялі ў футбол, таксама працуюць трэнерамі і зарабляюць грошы, пра якія вы кажаце. Але могуць рабіць так званыя дадатковыя падкаткі. Канешне, у некаторых бацькоў сёння не заўжды ёсць грошы на дадатковыя заняткі для іх дзяцей. Але ўсё адно ў маладых трэнераў магчымасці прагрэсаваць усё ж маюцца. І расце той, хто гэтага хоча.

 

“Тое, што збудавалі лядовыя палацы — не памылка. Пакаленне, якое туды пачало хадзіць, толькі падрастае”

 

Еўрарадыё: Пасля ЧС Рачкоўскі выказаўся пра “непрафесійнае стаўленне да справы шэрагу лідараў”. Ігракі адмоўчваюцца. Ці не замінаюць такія выказванні чыноўніка ў развіцці зборнай?

Міхаіл Грабоўскі: Я на чэмпіянаце не быў, мне складана судзіць. Але мяркую, што так выказвацца карэктна. Гэта пасыл маладым хакеістам, каб яны не расслабляліся і разумелі, што за імі будучыня. Але цяжка гульцам з чэмпіянату Беларусі гуляць на такім узроўні. Льюіс рызыкнуў і прыцягнуў гэтых маладых хакеістаў. Гэта даўно трэба было рабіць у “Дынама” і ў прынцыпе не думаць пра вынік. Многія хлопцы ўмеюць гуляць у хакей, але ім не давяраюць, у іх не бачаць таленту.

Еўрарадыё: Вы гадаваліся, калі ў Беларусі не было столькі лядовых палацаў. І вось іх набудавалі, а хакеістаў вашага ўзроўню не з’яўляецца. Што не так?

Міхаіл Грабоўскі: Тое, што збудавалі палацы — гэта не памылка. Людзі ходзяць, займаюцца. Пакаленне, якое туды пачало хадзіць, толькі падрастае. Гэта 98-ы, 99-ы гады. Яны заразіліся хакеем, ездзілі па трэніровачных лагерах. Пасля нашага года (маецца на ўвазе 1984 год нараджэння, — Еўрарадыё) не было такіх умоваў, меліся і фінансавыя праблемы. Нашы юнакі перамаглі ў групе “Б”. Наперадзе шмат працы. Каб гуляць, як зборная майго года, трэба шмат працаваць. Міхаіл Захараў двойчы на дзень з намі праводзіў трэніроўкі. У Беларусі многае правільна робіцца, проста ўсё трэба прывесці да адной сістэмы. Вось узялі цяпер канадцаў, па той жа сістэме трэба працаваць і ў юнацкім, і ў дзіцячым хакеі. А вынік нацыянальнай зборнай — гэта на дадзены момант рэальны наш узровень, над якім трэба працаваць.