Месія з бункера: актуальны партрэт Пуціна ад псіхолага

Для кагосьці ўвесь свет можа складацца з іржавага бункера / IGDA / A.Calegari
Для кагосьці ўвесь свет можа складацца з іржавага бункера / IGDA / A.Calegari

Пентагон пачаў сур'ёзна вывучаць псіхалагічны стан Пуціна. Маўляў, такую вайну ў дваццаць першым стагоддзі можа распачаць толькі псіхічна хворы чалавек.

Таксама існуе меркаванне, што Пуцін лічыць сябе богаабраным, месіем з найвышэйшай мэтай. А доўгае знаходжанне пры ўладзе толькі ўзмацніла ў яго такое адчуванне. Што наконт гэтага думаюць псіхолагі?

— Чалавек, які жыве ў бункеры, — гэта адна з праблем постсавецкіх грамадстваў. Як толькі фармуецца бункерная капсула, як толькі ўяўленне пра тое, што адбываецца ў жыцці рэальных людзей, пачынае малявацца прыдворнымі мастакамі, то чалавек губляе самае галоўнае — сувязь з рэальнасцю, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук. — А як толькі ён губляе сувязь з рэальнасцю, то ў яго ўзнікае вельмі выяўленая спакуса адчуць сябе месіем.

Месіянства — вытворная адсутнасці крытыкі, адсутнасці парламента. Адсутнасці магчымасці ў іншых людзей задаваць пытанні. І самае галоўнае — безадказнасць за свае дзеянні. Калі гэтай адказнасці няма, то чалавек пачынае жыць у сваім уласным свеце. Гэта своеасаблівы тунэльны зрок, які сфармаваўся ў Пуціна і прывёў да стварэння ўяўленні пра тое, што "мы насадзім нешта і ў нас для гэтага хапае рэсурсу".

— Праўда, не ўлічаныя ўкраінцы, якія не хочуць адпавядаць гэтаму тунэльнаму зроку. Не ўлічаная рэакцыя свету, які складаецца з людзей, якія абіраюць свае парламенты, якія абіраюць свае ўрады, сваіх прэзідэнтаў, — працягвае Уладзімір Янчук. — І не проста абіраюць, а патрабуюць ад іх выканання абяцанага. У гэтых краінах вельмі добра прапрацаваныя механізмы адказнасці, якая ляжыць на плячах людзей, што валодаюць вялікімі паўнамоцтвамі.

З майго пункту гледжання, кіраўніцтва — гэта перш за ўсё адказнасць за лёс і дабрабыт тых людзей, якія аддалі частку сваёй волі табе як менеджару. І калі ў менеджара нешта не атрымліваецца, то гэтыя людзі маюць права ставіць пытанне пра адпаведнасць менеджара даверу.

Калі выбар залежыць толькі ад менеджара, то нават калі вы вельмі разумны, вы будзеце дапускаць памылкі. А маўклівая большасць будзе толькі падтакваць. Таму што яна ўскладае адказнасць на вас. Але адказваць будзеце вы, а большасць разбяжыцца. І прыкладаў таму больш чым дастаткова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі