Вы тут

Меркель vs Нарышкін: параўноваем міжнародныя сустрэчы Ціханоўскай і Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка і Святлана Ціханоўская падчас сустрэч / Reuters

Больш за два месяцы працягваецца найбуйнейшы палітычны крызіс у гісторыі сучаснай Беларусі. Яго асноўныя ўдзельнікі шукаюць падтрымкі па розныя бакі мяжы: Аляксандр Лукашенка сустракаецца толькі з расіянамі, а яго апанентка Святлана Ціханоўская — з лідарамі еўрапейскіх краін.

Еўрарадыё нагадвае, з кім за апошнія 75 дзён паспела сустрэцца экс-кандыдатка ў прэзідэнты і дзейны кіраўнік краіны. Спойлер: такой актыўнасці на “заходнім” фронце як у Ціханоўскай у Лукашэнкі не было нават на працягу бясконцых 26 гадоў яго кіравання Беларуссю.
 

“Аднавектарнасць” ад Лукашэнкі

Увесь жнівень Лукашэнку было не да міжнародных адносін: ён правёў толькі некалькі тэлефонных размоў з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. А потым, восенню, пачаліся і сустрэчы. Праўда, зноў-такі выключна з расійскімі чыноўнікамі. Мы налічылі 10 самых запамінальных (без уліку амбасадараў, прадстаўнікоў камерцыйных фірмаў і кіраўніка АДКБ Зася, які ўсё ж беларус). 

3 верасня Лукашэнка сустрэўся з расійскім прэм’ерам Мішусціным. Размаўлялі пра падрыхтоўку сустрэчы з Пуціным, эканоміку ды нейкую “пагрозу НАТА”. Апафіёзам спаткання стала перадача Мішусціну ўжо сусветна вядомай размовы “Ніка і Майка”.

Тая самая сустрэча з Мішусціным / Reuters

14 верасня кіраўнік краіны злётаў у Сочы на размову з Пуціным. Галоўным спікерам па беларускай тэме тады стаў менавіта расійскі прэзідэнт: на адкрытай для прэсы частцы перамоў ён ухваліў планы Мінска ўнесці змены ў Канстытуцыю ды паабяцаў крэдыт 1,5 мільярда долараў — як пазней высветлілася, на рэструктурызацыю наяўных даўгоў і выплату запазычанасцяў Газпраму.

16 верасня ў Мінск прыехаў міністр абароны РФ Шайгу. З ім Лукашэнка абмеркаваў вучэнні “Славянскае братэрства” ды згадаў, што прасіў Пуціна пра некаторыя тыпы ўзбраенняў. А яшчэ гарантаваў, што на Беларусь можна абаперціся ў “абароне нашай сумеснай Бацькаўшчыны — ад Брэста да Уладзівастока”.

22–30 верасня. Серыя сустрэч з расійскімі губернатарамі. За гэтыя восем дзён Лукашэнка сустрэўся з шасцю (!) кіраўнікамі расійскіх абласцей. З усімі гаворка ішла пра важнасць беларуска-расійскіх зносін для абодвух бакоў ды пра супрацоўніцтва з гэтымі рэгіёнамі.

22 кастрычніка — у Мінск завітаў кіраўнік расійскай разведкі Нарышкін. Гэта сустрэча не анансавалася, таму яна здзівіла многіх. Падчас адкрытай часткі размовы Лукашэнка сцвярджаў, што Нарышкін “быў адным з найбольш яскравых палітыкаў на постсавецкай прасторы”. Нарышкін, у сваю чаргу, нагадаў журналістам пра канстытуцыйную рэформу (падавалася б, пры чым тут разведка) ды заявіў, што ўладу ў Беларусі спрабуюць змяніць “неканстытуцыйнымі метадамі”. Напэўна, так цяпер называюцца выбары.
 

Еўрапейскае турнэ Ціханоўскай

Пасля вымушанай эміграцыі ў Літву ў экс-кандыдаткі на прэзідэнцкую пасаду было шмат тэлефонных размоў: не толькі з еўрапейцамі, але і з канадскім міністрам. А пасля абавязковага каранціну за Ціханоўскай толькі паспявай сачыць — колькасць яе міжнародных сустрэч на найвышэйшым узроўні сапраўды ўражвае!

24 жніўня ў Вільні палітык сустрэлася з намеснікам кіраўніка Дзярждэпа ЗША. Стывен Біган і Ціханоўская размаўлялі пра палітычны крызіс у Беарусі, экс-кандыдатка заявіла пра імкненне да мірнага ўрэгулявання сітуацыі.

Першы візіт Святланы Ціханоўскай у Польшчу. На фота яна разам з прэмʼерам Матэушам Маравецкім / Reuters

9 верасня — размова з прэмʼерам Польшчы Маравецкім у Варшаве. Польскі прэмʼер падтрымаў імкненне беларускага народа на шляху да новай Беларусі, анансаваў пакет эканамічнай падтрымкі ды паўдзельнічаў у адкрыцці новага будынка “Беларускага дома”.

21–22 верасня Ціханоўская наведала Брусель. У сталіцы ЕС яна сустрэлася з кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі Жазэпам Барэлем і міністрамі замежных спраў краін Еўрасаюза. А таксама выступіла для сябраў Еўрапарламента — другі раз за месяц (у жніўні Ціханоўская выступала там па відэасувязі).

24 верасня — зноў у Вільні, цяпер — з кіраўніком МЗС Нідэрландаў. Міністр Стэф Блок заявіў пра непрызнанне легітымнасці Лукашэнкі, а таксама пацікавіўся планамі Ціханоўскай і Каардынацыйнай рады. Былая кандыдатка асобна падзякавала яму за тое, што павераны ў справах Нідэрландаў у Беларусі Хенрыкус Іаханэс ван Оастэрхоўт прысутнічаў на судзе над Марыяй Калеснікавай.

25 верасня палітык паразмаўляла з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Джорджам Кентам. Падчас размовы Ціханоўская выказала апаску, што ўручэнне новай амбасадаркай ЗША граматы Лукашэнку можа быць расцэнена як яго прызнанне.

29 верасня ў Вільню да Ціханоўскай прыляцеў прэзідэнт Францыі. Пасля сустрэчы Эмануэль Макрон заявіў пра гатоўнасць дапамагаць Беларусі ў перамовах пра новыя выбары. Размову з Ціханоўскай ён назваў “выдатнай дыскусіяй”.

Святлана Ціханоўскай побач з сябрам партыі ХДС Норбертам Ротгенам, Берлін / Reuters

6–7 кастрычніка ў Ціханоўскай адбыўся шэраг сустрэч у Берліне. Яна паразмаўляла з канцлерам Ангелай Меркель — пра магчымасць міжнароднай медыяцыі для вырашэння крызісу ў Беларусі. Таксама сустрэлася з віцэ-канцлерам Олафам Шольцам, міністрам замежных спраў Хайка Маасам ды выступіла ў Бундэстагу.

8 кастрычніка экс-кандыдатка размаўляла з кіраўніцтвам Славакіі. І кіраўнік МЗС гэтай краіны Іван Корчак, і прэзідэнтка Зузана Чапутава запэўнілі Ціханоўскую ў падтрымцы беларускага народа.

8 кастрычніка — размова з палітыкамі з трох краін. Ціханоўская і кіраўнік аўстрыйскага МЗС Аляксандр Шаленберг абмяркоўвалі санкцыённыя спісы, падтрымку беларусаў і складанасці ў рабоце аператара А1, якія адбываюцца праз патрабаванні “адключаць” інтэрнэт у нядзелі. У той жа дзень лідарка апазіцыі паразмаўляла з кіраўнікамі МЗС Балгарыі і Грэцыі.

16 кастрычніка — сустрэча з кіраўніком МЗС Канады. У размове з Франсуа-Філіпам Шампанем Ціханоўская папрасіла ўзмацніць ціск на беларускія ўлады ды падзякавала за падтрымку.

16 кастрычніка палітык сустрэлася з кіраўнікамі МЗС краін Балтыі. Акрамя пытанняў падтрымкі народа і санкцый, абмяркоўвалася магчымасць пераносу чэмпіянату свету па хакеі, які павінны правесці Беларусь з Латвіяй.

20 кастрычніка паразмаўляла з кіраўніком адміністрацыі польскага прэзідэнта Анджэя Дуды. З Кшыштафам Шчэрскім гаворка ішла пра меры падтрымкі беларусаў, магчымасць спрашчэння візавых і міграцыйных працэдур для беларусаў, якія перасякаюць мяжу з Польшчай. Таксама закранулі тэмы падтрымкі рэпрэсаваных беларускіх спартсменаў і сумеснага святкавання гадавіны перапахавання Каліноўскага.

20 кастрычніка — другая сустрэча з польскім прэм’ерам Матэўшам Маравецкім. Абмяркоўвалі рэабілітацыю пацярпелых беларусаў, пакет эканамічных рэформаў для дэмакратычнай Беларусі, стыпендыі для беларускіх спартсменаў.

Гэта няпоўны спіс сустрэч Ціханоўскай, у яго не ўвайшлі, напрыклад, размовы з дэпутатамі, а таксама анлайн-сустрэчы, выступы (напрыклад, у ААН) ды тэлефонныя размовы галоўнай апаненткі Лукашэнкі. Былі, напэўна, і сустрэчы, пра якія не паведамлялася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.