Мастоўская сельгастэхніка стварыла ўнікальны мабільны
У тэлефоне мінімум функцый, але вялікія кнопкі. Каштуе ён нядорага і разлічаны на пенсіянераў. Як даведалася Еўрарадыё, першыя апараты ўжо праходзяць тэставанне
Мастоўская сельгастэхніка плануе распачаць выпуск мабільных тэлефонаў у бліжэйшыя 2 месяцы. Сёння ўжо некалькі доследных мадэляў тэлефона праходзяць усе неабходныя тэсты. Мастоўская сельгастэхніка ўжо даўно выпускае стацыянарныя тэлефоны, цяпер вырашыла пашырыць бізнес.
Як распавёў Еўрарадыё начальнік спецыялізаванага цэха Мастоўскай сельгастэхнікі Сяргей Міцкевіч, гаворка ідзе толькі пра зборку апаратаў з мінімумам функцый і вялікімі кнопкамі — для старых людзей.
Сяргей Міцкевіч: "У нас праект — зрабіць тэлефон, які б адрозніваўся ад усіх іншых тэлефонных апаратаў. І ў першую чаргу быў даступны пажылым людзям. Дзе былі б вялікія кнопкі, дысплей, каб можна было чытаць добра. Мы мяркуем, што там будзе мінімум функцый, памеры саміх кнопачак вялікія. Выдаткі мы жадаем мінімізаваць, каб гэта быў нізкі кошт. Ён пажылым людзям будзе зручны. А так купіць можа яго любы, каму спадабаецца".
Як і кожны вытворца, Сельгастэхніка спадзяецца, што попыт на такі тэлефон будзе. Стацыянарныя тэлефоны іх вытворчасці можна набыць па ўсёй Беларусі. А дзеля продажу мабілкі для пенсіянераў плануюць падключыць такіх дылераў як "Евросеть" і "Связной".
Сяргей Міцкевіч: "Мы даўно займаемся вытворчасцю тэлефонных апаратаў правадной сувязі. У нас там ўжо ёсць напрацоўкі па збыце. Стацыянарныя закупляюць прамысловыя прадпрыемствы, гандлёвыя кропкі, Белтэлекам, ЦУМ, ГУМ. І ў будучыні мы хочам падлучыць да нашых партнёраў і гэты від прадукцыі. Ну, яшчэ мы хочам падлучыць салоны мабільнай сувязі да распаўсюджвання".
Але шкада, што ўдалага прыкладу камерцыйнай паспяховасці беларускіх тэлефонаў пакуль няма. Вось мадэль "Евротеф-М" ад прадпрыемства "Прамсувязь" на распаўсюд салоны сувязі ўжо не бяруць. Апошні ў Мінску тэлефон "Евротеф-М" застаўся ў салоне "На связи":
"Так. Застаўся апошні тэлефончык. Мы іх распрадалі і больш не будзем закупляць".
Апошні "беларускі" тэлефончык можна набыць па супер-кошце 199 тысяч рублёў. Каб распрадаць "айчынныя" мабільнікі ў салонах сувязі, кошт на іх знізілі на адну трэць.
У самой "Прамсувязі" карэспандэнту Еўрарадыё распавялі, што мабільнікі больш не збіраюць, але прычыну не патлумачылі. Рэшткі не распрададзеных тэлефонаў у іх можна набыць ажно за 294 тысячы рублёў.