Марцаў: Беларусі будзе лягчэй размаўляць з Абамам, чым з Бушам

Знешняя палітыка ЗША у дачыненні да Беларусі не памяняецца, але Абама можа быць больш гнуткім у перамовах. На прэзідэнцкіх выбарах у Амерыцы перамог дэмакрат Барак Абама. Але калі для Амерыкі Барак Абама – першы чарнаскуры прэзідэнт, то чым стане ён для беларуска-амерыканскіх стасункаў?

Нагадаю, што Джон Макейн не проста мае выразную пазіцыю ў дачыненні Беларусі  – ён быў ініцыятарам Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятага ў 2004 годзе, акта, якія па сутнасці ўвёў санкцыі ў дачыненні беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў. Джона Макейна добра ведаюць беларускія апазіцыянеры. Аляксандр Мілінкевіч неаднаразова сустракаўся з ім, пра што распавядаў у інтэрв’ю Еўрарадыё, палітолаг Раман Якаўлеўскі намякаў на тое, што ў Макейна шчыльныя кантакты, напрыклад, з Саннікавым.

Што тычыцца Барака Абамы, то ён для Беларусі “цёмны канёк”. Палітолаг Пётр Марцаў лічыць, што знешняя палітыка ЗША не змяняецца занадта моцна ў залежнасці ад прэзідэнта, аднак, магчыма, Абама будзе больш гнуткім у перамовах за Джорджа Буша

Пётр Марцаў: "З аднаго боку, Барак Абама … паслядоўнік амерыканскай палітыкі, якая у значнай ступені не змяняецца, хто б ні быў прэзідэнтам. Таму ў гэтым сэнсе знайсці агульную мову аднолькава няпроста для Беларусі. А лягчэй можа быць таму, што гэта новы чалавек, можа быць, у яго будуць нейкія іншыя падыходы. У большай ступені ўсё залежыць ад беларускіх уладаў, а не ад амерыканскіх. Мне здаецца, што з Абамам лягчэй размаўляць, чым з Бушам: ён больш гнуткі."


Таксама Марцаў не лічыць, што Абама можа скасаваць Акт аб дэмакратыі, ініцыяваны яго цяпер ужо былым канкурэнтам:

Пётр Марцаў: "Ён жа ўводзіўся супраць беларускай палітычнай сістэмы, а яна не змянілася. Я думаю, што ён можа быць адменены з часам, калі беларускі рэжым пакажа, што ён гатовы ісці на змены і пойдзе на змены. А больш я ніякіх прычынаў не бачу, чаму ён мусіць быць адменены. Апроч таго ЗША дастаткова павольна адмяняюць падобныя акты, яны будуць дзейнічаць дастаткова доўга."

Барак Абама, святкуючы перамогу ў гэтых гістарычных для Штатаў выбарах, сказаў, што “перамены прыйшлі ў Амерыку”. Але для беларусаў, у адрозненне ад амерыканцаў, наўрад ці штосьці памяняецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі