Маладыя беларускія гурты пайшлі па слядах Coldplay і Him (Фота)

Першы з трох паўфіналаў адбыўся 26 студзеня ў сталічным клубе "Рэактар". Абіралі пераможцаў наведвальнікі канцэрту, прычым, вельмі незвычайным чынам – падняццем рукі. Галасы падлічвалі арганізатары і ў канцы абвясцілі вынікі.

Як распавёў прадстаўнік расійскай часткі фестывалю Андрэй Штэйнмарк, каб дайсці да фіналу "Emergenza" пераможцы пройдуць яшчэ два этапы: фінал у Беларусі і ў Расіі.


Андрэй Штэйнмарк: "На рэгіянальным фінале пад назвай "Расія і Беларусь", бо там будуць прадстаўленыя дзве краіны, міжнароднае журы будзе выбіраць той адзіны гурт, які абароніць гонар нашых краін на міжнародным фінале ў Германіі. Ён будзе праходзіць з 12-га па 14-га жніўня ў мястэчку Таўберталь. Гэта глабальны 30 тысячны open-air, у межах якога праходзіць наш міжнародны фінал".

У склад міжнароднага журы будуць уваходзіць арганізатары рэгіянальных "Emergenza" па ўсім свеце, плюс незацікаўленыя прадстаўнікі Расіі і Беларусі. Праўда, пакуль дамоўленасць ёсць толькі на адзін гурт-прадстаўнік ад дзвюх краін, але, паводле Андрэя, гэта першы год, які пакажа, як будуць развівацца падзеі далей.

 

 

Андрэй Штэйнмарк: "Я думаю, што Беларусі не рызыкнулі адразу даць вялікую квоту. Далей ёсць два варыянты існавання: альбо Беларусь самастойна будзе ўдзельнічаць, альбо мы проста зробімся больш буйнымі і будзем больш людзей заяўляць на міжнародны фінал. Напрыклад, калі ў нас з'явіцца Украіна, мы зробім СНД-шны фінал, то нам дадуць ужо два ці тры слоты".


Пераможцам рэгіянальнага фіналу аўтаматычна пачынаюць займацца мясцовыя фестывальныя прамоўтары, якія цягам года знаёмяць з гуртом як магчыма большую аўдыторыю. Прыкладна тое ж адбываецца і з пераможцамі міжнароднага фіналу, але на больш высокім узроўні. 

Андрэй Штэйнмарк: "Пераможца міжнароднага "Emergenza" атрымлівае ў падарунак чатыры тыдні запісу ў студыі і тур у падтрымку. Ніхто не кажа, што вы станеце зоркамі, але гэта нейкая база для таго, каб гурт атрымаў пэўны стымул і рухаўся далей. У нас год скончыцца, будзе новы пераможца, а што стане з гуртом залежыць толькі ад яго".

Варта адзначыць, што прадстаўнікі "Emergenza" даволі гнутка падыходзяць да падарункаў. Маўляў, калі гурт відавочна "лайфавы", то бюджэт падарунка пераразмяркоўваецца так, каб менш часу аддаць запісу, а замест гэтага зладзіць велічэзны еўрапейскі тур, на канцэртаў 40 за год. Дарэчы, у свой час удзел у фестывалі бралі цяпер ужо сусветна вядомыя гурты.

Андрэй Штэйнмарк: "Першы жывы выступ Coldplay быў на фестывалі "Emergenza". Да фестывалю трэба ставіцца як да адной з частак з жыцця гурта. У Еўропе гэта нармальна – калі ты малады, то ты выступаеш дзе гэта толькі магчыма, на розных фестывалях... Coldplay пачалі з "Emergenza". Гурт Him таксама выступаў на "Emergenza". Мы не можам сказаць, што дзякуючы фестывалю яны сталі суперзоркамі, але тым не менш гэта быў пэўны усвядомлены крок у іх кар'еры".



Дададзім, што апроч галоўнай узнагароды фестывалю, існуюць і прызы ад спонсараў, якія абіраюць лепшых музыкаў фэсту. Лепшы гітарыст, напрыклад, атрымлівае гітарны стэк (узмацняльнік і акустычная сістэма – Еўрарадыё) ад фірмы Marshall, а бубнач – цалкам укамплектаваную фірмовую ўдарную ўстаноўку.



Нагадаем, што наступныя паўфіналы будуць праходзіць таксама у клубе "Рэактар" 2-га і 9-га лютага. Квіткі каштуюць ад 10-ці да 20-ці тысяч рублёў.

   
2 лютага гурты:

Kusudama, Marie chante quelle elle telephone, 3t.On, Weesp, Phase Shift, Клан, Mechanical Heart

9 лютага гурты:
Karavan, Sang Sattawood, Жнюв, Open Space, The Fraiz, Tesaurus, Lavatrina

 

Замест Post Scriptum:


Тыя, хто да гэтага часу думае, што ў Беларусі рок-жыццё скончылася гуртамі, напрыклад, NRM ды Ulis, ці больш маладымі IQ-48 ды B:N, раю вам наведаць беларускі "Emergenza". Раней я шкадаваў, што ў нас зусім не існуе сувязі паміж пакаленнямі музыкаў, а цяпер думаю, што гэты факт пайшоў толькі на карысць. Безумоўна, маладое пакаленне папросту не магло вырасці без знаёмства з творчасцю старэйшага, але, падаецца, што "вучні" пераўзышлі сваіх "настаўнікаў". Асабіста мне не будзе сорамна, калі адзін з чатырох першых фіналістаў "Emergenza" прадставіць Беларусь у Еўропе, а вось наконт "генералаў айчыннага року", я моцна сумняваюся!

   

Даведка Еўрарадыё:

Emergenza – гэта музычны марафон, які праходзіць у больш чым 20 краінах свету: сотні тысяч музыкаў на тысячах канцэртаў граюць жывую музыку. Гэта найбуйнейшы міжнародны музычны фэст для пачынаючых і паўпрафесійных гуртоў. Фэст праходзіць ва ўсіх найбуйнейшых гарадах заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Удзел у ім могуць прыняць гурты любой стылістычнай скіраванасці, якія выконваюць як свае ўласныя творы, так і каверы.

Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі