Маладых беспрацоўных брытанцаў адправяць у спецыяльныя лагеры

У Вялікабрытаніі ў межах праграмы барацьбы з моладзевым беспрацоўем збіраюцца ўвесці абавязковыя “кемпінгі для маладых беспрацоўных”. На Туманным Альбіёне маладыя людзі ад 18 да 21 атрымліваюць ільготы на арэнду жылля і паўнавартасную дапамогу па беспрацоўі, што дазваляе ім утульна жыць без працы доўгі час. Пасля чаго ўладкавацца ім яшчэ цяжэй.

Кансерватыўная партыя яшчэ ў 2008 годзе збіралася адмяніць фінансавую дапамогу асобам да 21 года, калі яны не працуюць больш за тры месяцы. Але тады гэты праект не атрымалася ажыццявіць.

Цяпер адным са спосабаў барацьбы з маладымі гультаямі мусяць стаць такія лагеры. Пасля таго як брытанец да 21 года падае заяву ў службу занятасці, яго адпраўляюць на трохтыднёвы інтэнсіўны курс. Падчас яго маладых людзей навучаць праходзіць сумоўе, пісаць рэзюмэ. Курсы будуць весціся пад наглядам высокакваліфікаваных спецыялістаў, паведамляе брытанскае выданне The Guardian.

Новыя палажэнні, апублікаваныя ў панядзелак, мусяць набыць моц у красавіку 2017 года. Гэтая праграма была анансаваная Дэвідам Кэмеранам яшчэ да выбараў.

Джэрэмі Корбін

Адзін з лідараў левых, Джэрэмі Корбін, які ў 2008 годзе выступаў супраць скасавання фінансавай дапамогі для моладзі, называе гэтую ідэю карніцкай:

“Гэта яшчэ адзін карніцкі крок кансерватыўнага ўрада, які пазбаўляе магчымасцяў маладых людзей. Яны зменшылі колькасць месцаў ва ўстановах навучання, але ў іх не атрымалася скараціць моладзевае беспрацоўе. Потым яны павысілі цэны на навучанне і пазбавілі абітурыентаў большасці грантаў. Яны самі забіраюць у моладзі магчымасці вучыцца і зарабляць, а потым абвінавачваюць яе”, — цытуе словы палітыка The Guardian.

Мэт Хэнкак

Чалец кабінета міністраў, кансерватар Мэт Хэнкак, адмаўляе, што адпраўка моладзі ў такія лагеры — гэта від пакарання:

“Мы не збіраемся нікога караць, бо ніхто, гуляючы па правілах, не страціць свае перавагі. Насамрэч гэты праект дае больш падтрымкі моладзі”, — заявіў ён у інтэрв’ю BBC Radio 4.

Хэнкак кажа, што ўрад мае намер спыніць доўгатэрміновае беспрацоўе сярод моладзі і будаваць краіну для працаўнікоў, дзе ўсе роўныя пры нараджэнні і кожны можа рэалізаваць свой патэнцыял.

Адзначым, што ў Беларусі для барацьбы з моладзевым беспрацоўем дзейнічае абавязковае размеркаванне для выпускнікоў ВНУ бюджэтнай формы навучання. Для барацьбы ж з астатнім беспрацоўем у краіне распрацаваны “падатак на дармаедства”. Ён пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года. 

Фота: surrey.ca, London News Pictures, REX FEATURES.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі