Вы тут

Макей: выбары прайшлі, хай па некаторых высокіх канонах і не ідэальна

Уладзімір Макей / Еўрарадыё

Уладзімір Макей пракаментаваў выказванні кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жазэпа Барэля на беларускую тэму.

Як перадавала Еўрарадыё, выступаючы 15 верасня ў Еўрапарламенце, Барэль назваў Аляксандра Лукашэнку нелегітымным кіраўніком і заклікаў правесці новыя выбары пад эгідай АБСЕ. 

Кіраўнік беларускага МЗС назваў ацэнкі Барэля катэгарычнымі і тэндэнцыйнымі. "У гэтым выпадку татальна засмучае іншае — поўнае нежаданне з боку ЕС нават паспрабаваць аб'ектыўна разабрацца ў працэсах, якія адбываюцца", — заявіў Макей.

Беларускі міністр раскрытыкаваў ідэю аб парвядзенні новых прэзідэнцкіх выбараў: "Або дакучліва агучваецца пазіцыя ЕС аб тым, што паўторнае правядзенне выбараў — найлепшае рашэнне. Найлепшае рашэнне для каго? Для ЕС, у якога не атрымалася выйграць, на праведзеных у Беларусі выбарах? А вы ўпэўненыя, што гэта было б найлепшым рашэннем?"

Кіраўнік беларускай дыпламатыі прызнаў, што выбары ў Беларусі прайшлі не ідэальна, але ставіць іх вынікі пад сумнеў адмовіўся. "У нас прайшлі выбары, хай па некаторых высокіх канонах і не ідэальна, аднак народ сваёй большасцю, гэта сёння складана паставіць пад сумнеў, вызначыў іх пераможцу. Хацелася б зразумець, на якой падставе прадстаўнікі ЕЗ ставяць сябе ўпоравень з беларускім народам і лічаць сябе мае права аднаасобна выносіць вердыкты аб прымальнасці для беларусаў вынікаў выбараў. Для мяне гэтыя велічыні дакладна не раўназначныя", — катэгарычна заявіў Макей. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.