Вы тут

Макей папракнуў паслоў ЕС: робяць пасты "антыдзяржаўнай накіраванасці"

Уладзімір Макей​ / БЕЛТА

Некаторыя паслы з краін Еўрапейскага Саюза распаўсюджваюць у Беларусі інфармацыю антыдзяржаўнай накіраванасці, заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

"Мы зараз бачым, што некаторыя паслы, якія прадстаўляюць Еўрапейскі Саюз, размяшчаюць інфармацыю або пасты антыдзяржаўнай накіраванасці"​,цытуе яго БЕЛТА.

Ён таксама назваў "верхам крывадушнасці і двудушнасці" рашэнні Бруселя і Вільні, у выніку якіх вымушаны быў спыніць працу санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі.

Рахункі санаторыя "Беларусь" былі заблакаваныя 18 снежня з-за санкцый ЕС супраць прадстаўнікоў Беларусі. У трэцім пакеце санкцый аказалася і Кіраванне справамі прэзідэнта Беларусі. А беларускі санаторый у Літве ўваходзіць у структуру гэтага Кіравання.

Варта таксама адзначыць, што ў беларускіх уладаў і дыпламатаў з ЕС сапраўды перыядычна разыходзіцца бачанне таго, што адбываецца ў Беларусі. Да прыкладу, пасля зносін Макея ў канцы снежня з калегам з Швейцарыі, беларускі МЗС паведамляў, што "былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, магчымасці для далейшага развіцця канструктыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Швейцарыяй". Другі бок казаў, што тэмай размовы быў суд над грамадзянкай гэтай краіны Наталляй Хершэ. "Гвалт з боку сілавікоў недапушчальны... Наша суграмадзянка павінна быць вызваленая", пісаў па выніках размовы з Макеем міністр замежных спраў Швейцарыі Іньяцыа Касіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.