Макей: Адзіная дарога для Беларусі – мадэрнізацыя і дэмакратызацыя

На адкрыцці XIII Мінскага форума старшыня Адміністрацыі Прэзідэнта казаў пра вялікі прагрэс Беларусі апошнімі двума гадамі, а нямецкія чыноўнікі — пра неабходнасць яшчэ большага прагрэса Арганізатарам традыцыйнага Мінскага форума "Беларусь і ЕС пасля крызіса: выклікі і шанцы ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства" з'яўляецца Нямецка-беларускае таварыства пры падтрымцы Амбасады Нямеччыны.

З уступным словам выступілі старшыня Мінскага форума прафесар Райнер Лінднер і амбасадар Нямеччыны Крыстаф Вайль.

Крыстаф Вайль: "Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары, на якіх вы будзеце вырашаць лёс краіны на бліжэйшыя гады і ўспрыманне яе ў свеце. Я зычу паспяховага правядзення Мінскага форума!"

Не абмінуў тэму прэзідэнцкіх выбараў і старшыня Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей.

Уладзімір Макей: "Тут ужо казалі пра прэзідэнцкія выбары. Можна сказаць, што ключавы момант гэтай кампаніі, нават беларускай стратэгіі, — Wohlstand fur Alle — "дабрабыт для ўсіх". Аўтар гэтай ідэі — Людвіг Эрхард. Беларуская дзяржава мае намер забяспечыць прадпрымальніцкую свабоду кожнаму грамадзяніну... Адначасова дзяржава будзе выконваць свае сацыяльныя абавязкі па выплаце заробкаў, пенсій і дапамогаў".

На думку Ўладзіміра Макея, няслушна займаць пазіцыю чакання — маўляў, паглядзім, як пройдуць выбары, і тады вырашым, як супрацоўнічаць з Беларуссю. Супрацоўнічаць трэба ўжо зараз, сказаў старшыня Адміністрацыі.

"Курс беларускага кіраўніцтва нязменны. Ні аб ніякім рэгрэсе ў дыялогу з ЕС з нашага боку гаворкі няма. Працягнецца далейшы рух па мадэрнізацыі і дэмакратызацыі. Іншага шляху для такой краіны, як Беларусь, няма",  — паведаміў Уладзімір Макей.

Дапамагчы ў гэтым акурат могуць нямецкія тэхналогіі, інавацыі і досвед, дадаў беларускі чыноўнік.

Ён таксама падкрэсліў, што прагрэс за апошнія два гады надзвычай вялікі ў параўнанні з папярэднімі 12 гадамі.

Уладзімір Макей: "Нас дакараюць, што мы не досыць дэмакратычныя, не адпавядаем еўрапейскім каштоўнасцям, што маецца рэгрэс у адносінах з ЕС. Я лічу, што гэта безадказныя заявы. Калі глядзець на дынаміку ва ўсіх сферах, то абсалютна адназначна, што за апошнія два гады тут адбыліся сур'ёзныя паступовыя змены. І яны абсалютна непараўнальныя з нулявым вынікам папярэдніх 12 гадоў, якія асацыююцца са спробай ізаляцыі і санкцыямі".

Уладзімір Макей дадаў, што Беларусь чакае ад ЕС спрашчэння візавага рэжыму, канчатковай адмены санкцыі ў адносінах да чыноўнікаў, лібералізацыі ўзаемнага гандлю і перамоваў па ўваходжанні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Федэральны міністр Рональд Пафала адзначыў, што значнай перашкодай для развіцця адносін Беларусі і Еўрасаюза з'яўляецца смяротнае пакаранне. Разам з тым, прэзідэнцкія выбары мусяць стаць лакмусавай паперкай, паводле якой будзе вымярацца выкананне чаканняў Еўрасаюза.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі