Вы тут

Маці адваката Бабарыкі будзе судзіцца з БДУ праз звальненне

Алена Лаеўская / law.bsu.by

Звольненая з БДУ дацэнт юрыдычнага факультэта Алена Лаеўская будзе судзіцца за сваё звальненне, якое лічыць незаконным. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў яе сын Дзмітрый Лаеўскі — адвакат Віктара Бабарыкі.

"Нягледзячы на выключныя прафесійныя якасці, мноства дасягненняў, у тым ліку 4 абароненыя пад яе кіраўніцтвам кандыдацкія дысертацыі, шматгадовую (з 1999 года) добрасумленную працу ў БДУ, 17 красавіка 2021 года яна была звольненая "ў сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракту", што прама супярэчыць вызначанага ў Працоўным кодэксе абавязку наймальніка працягнуць працоўныя адносіны (заключыць новы кантракт) з работнікам перадпенсійнага ўзросту. Гэта прадугледжана пунктам 3 часткі 3 артыкула 261-5 Працоўнага кодэкса і калектыўнай дамовай БДУ. Выключэнняў з гэтага правіла няма", — піша Лаеўскі.

Ён адзначае, што пра гэта на працягу месяца пісьмова паведамлялася і рэктарату, і прафкаму БДУ. Але нормы, вызначаныя законам, юрысты і чыноўнікі БДУ вырашылі праігнараваць. 

Лаеўскі асобна адзначае ў сваім допісе першага прарэктара БДУ Дзмітрыя Мядзведзева і начальніка ўпраўлення прававой работы Алену Швакаву, якія дапусцілі парушэнне закона. 

"Магчыма, іх натхняе адчуваць сябе вырашальнікамі лёсаў. Але на гэты раз усё будзе спалучана з нязручнасцямі для іх. Гэтым разам БДУ давядзецца прадэманстраваць сваю пазіцыю ў публічным працэсе", — заяўляе ён.

Лаеўскі піша, што будзе дамагацца, каб звальненне прызналі незаконным і аднавілі яго маці на працы. 

Як распавядала Еўрарадыё, з кафедры, дзе працавала Алена Лаеўская, звольнілі яшчэ адну выкладчыцу — Алену Басалай. Перад гэтым з гістфака БДУ звольнілі яе мужа Сцяпана Захаркевіча, які ў лютым атрымаў 15 сутак за тое, што быў затрыманы на канцэрце "РСП" пад Смалявічамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.