Вы тут

"Ляціце ў іншыя краіны": у беларусаў ААЭ не будзе выбарчага ўчастка

Хмарачос Бурдж-Халіфа ў колерах беларускага сцяга

У ААЭ, дзе жывуць прыблізна 2,5 тысячы беларусаў, не будзе свайго ўчастка для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Каб усё ж прагаласаваць, консульства прапануе нашым грамадзянам ляцець туды, дзе выбарчыя ўчасткі будуць адкрытыя. Незадаволеныя выбаршчыкі накіравалі лісты са скаргамі ў ЦВК і ў МЗС.

Нізкая палітычная актыўнасць

У рэдакцыю Еўрарадыё напісаў грамадзянін Беларусі Юрый, які цяпер жыве ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Ён распавёў пра сустрэчу генеральнага консула Беларусі ў ААЭ і нашых грамадзян, незадаволеных адсутнасцю там выбарчага ўчастка.

— Сустрэча асабліва не анансавалася, таму што, улічваючы абурэнне ў беларускім кам'юніці, магло б прыйсці шмат людзей, а гэта стварыла б складанасці з выкананнем эпідэміялагічных захадаў, прынятых у ААЭ, — апісвае сітуацыю Юрый. — Прыйшлі 15 грамадзян Беларусі, якія хацелі даведацца прычыны: чаму не будзе арганізаваны выбарчы ўчастак — і ці існуе магчымасць яго арганізаваць у адпаведнасці з законамі або ў парадку выключэння.

Генеральны консул Беларусі ў Дубаі Ігар Бондараў / uae.mfa.gov.by

На сустрэчы беларусы спасылаліся на пастанову Цэнтрвыбаркама ад 8 траўня 2020 года №17. Там напісана, што ўчасткі для галасавання ўтвараюцца з колькасцю не менш за 20 і не больш за 3000 выбаршчыкаў. Паводле звестак цэнтра статыстыкі Абу-Дабі, у ААЭ пражывае каля 2500 беларусаў. На консульскі ўлік сталі 90. Гэтага ж дастаткова?

Але ў беларускім консульстве адказваюць, што загадзя правялі тэлефоннае апытанне беларусаў, якія стаяць на ўліку. Толькі 3 чалавекі пацвердзілі, што 9 жніўня будуць знаходзіцца ў ААЭ і прыйдуць галасаваць.

— Апытанне вырашылі праводзіць, па іх словах, праз нізкую палітычную актыўнасць беларусаў у ААЭ на парламенцкіх выбарах. На консульскім уліку стаіць 90 чалавек. На сустрэчы быў адзін з іх, але яму з консульства наконт галасавання не тэлефанавалі, — працягвае Юрый.

Ляціце куды хочаце

На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года і на парламенцкіх выбарах 2019 года ўчасткі ў ААЭ фармаваліся без тэлефонных апытанняў. Прадпісанняў, па якіх галасаваць на выбарах могуць толькі грамадзяне, якія стаяць на консульскім уліку, таксама няма.

Сустрэча скончылася тым, што беларусам прапанавалі паляцець прагаласаваць у Беларусь ці ў трэція краіны, дзе адкрытыя ўчасткі.

— Тым, хто вырашыць так зрабіць, консульства можа выдаць даведку пра тое, што ў Беларусі праходзяць выбары, для прад'яўлення па месцы працы. Але мы расцэньваем рэкамендацыі злётаць прагаласаваць у іншую краіну як па меншай меры дзіўныя, асабліва падчас пандэміі, — рззюмуе Юрый.

Незадаволеныя выбаршчыкі адправілі звароты ў ЦВК і ў МЗС. Пад тэкстам — больш за 50 подпісаў, пастаўленых з 26 па 28 чэрвеня.

Фрагмент першай старонкі з подпісамі, частка зместу схаваная / Еўрарадыё

Усе тэрміны прайшлі

У юрыдычным аддзеле Цэнтрвыбаркама Беларусі Еўрарадыё распавялі, што заканадаўчай магчымасці арганізаваць выбарчы ўчастак у ААЭ ўжо не засталося:

— Яны ўжо нічога не змогуць зрабіць. Тэрмін прайшоў 7 чэрвеня, усе ўчасткі адкрытыя, — адказваюць у ЦВК. — Для адкрыцця ўчастка важна тое, колькі чалавек стаіць на консульскім уліку. А на яго становяцца далёка не ўсе тыя, хто лічыць сябе грамадзянамі Беларусі і проста раз'язджаюцца па планеце, так званыя "людзі свету".

Калі чалавек, які выязджае на жыхарства ў іншую краіну, хоча быць датычным да беларускага грамадзянства, дык ён звяртаецца ў консульства і становіцца на ўлік. Участкі адкрываюць пры колькасці ад 20 такіх беларусаў. Але ўсе рашэнні прымае консульства ці амбасада.

Неўзабаве беларусы ААЭ атрымалі адказ на свой зварот у ЦВК. Там сказана, што згаданая вышэй пастанова рэгулюе колькасць выбаршчыкаў на адным участку для галасавання, а не абавязвае ствараць участкі ва ўсіх дзяржавах, дзе пражывае ад 20 да 3 тысяч грамадзян Беларусі. "Шэраг дзяржаў наогул не арганізуе галасаванне для сваіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой", — дадаюць у Цэнтрвыбаркаме.

Каментар па гэтай тэме ў МЗС рэдакцыя Еўрарадыё атрымаць не змагла.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.