Ля Варшавы знойдзеныя масавыя пахаванні часоў Другой сусветнай вайны

Ля Варшавы знойдзеныя масавыя пахаванні часоў Другой сусветнай вайны, паведамляе інстытут нацыянальнай памяці Польшчы. Па словах кіраўніка арганізацыі, Караля Наўроцкага, гаворка ідзе пра лес недалёка ад былога канцэнтрацыйнага лагера "Дзялдова" (іншая назва "Зольдау" — рэд.).

Спецыялісты мяркуюць, што ў брацкіх магілах знаходзяцца астанкі не менш за восем тысяч чалавек. Эксперты робяць такую ​​выснову на падставе выяўленых 17 тон попелу. Ёсць верагоднасць, што ў бліжэйшых да "Зольдау" лясах могуць быць знойдзены іншыя брацкія магілы.

Канцлагер "Дзялдова" быў пабудаваны ў 1939 годзе і выкарыстоўваўся цягам ўсёй нацысцкай акупацыі. Па афіцыйных даных, там было забіта 30 тысяч чалавек. У 2019 годзе Інстытут нацыянальнай памяці пачаў расследаванне дзейнасці канцлагера з мэтай устанавіць дакладную колькасць загінулых. Пошук пахаванняў ускладняўся тым, што вясной 1944 года нацысты выкапалі астанкі загінулых і спалілі іх, каб схаваць сляды масавых забойстваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.