Ля касцёла Святога Роха ў Мінску пройдзе Крыжовы шлях
![Ля касцёла Святога Роха ў Мінску пройдзе Крыжовы шлях](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/misteryja.jpg.webp?itok=kvLG2ytS)
Сталічныя католікі прымуць удзел у імпрэзе, якая пройдзе сёння, 23 сакавіка ля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Тут разыграюць Містэрыю мукі і любові Пана (Крыжовы шлях), які будзе праводзіць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Містэрыя распавядзе пра апошнія дні зямнога жыцця Хрыста і гісторыю збаўлення чалавецтва. Тэатралізаваная пастаноўка пакажа гледачам прадажнасць Юды, баязлівасць Пілата, бязлітаснасць натоўпу на чале з фарысеямі, адрачэнне Пятра, перасцярогі Анёла і спакусы д’ябла. Але найперш — мужную, ахвярную і міласэрную любоў Збаўцы, паведамляе сайт catholic.by
Спектакль стане не толькі яскравым відовішчам, але і асаблівай духоўнай падрыхтоўкай да перажывання велікодных святаў. Пасля Крыжовага шляху арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць святую Імшу ў касцёле.