Вы тут

Лукашэнка сабраўся перабудаваць працу Савета бяспекі

Лукашэнка перабудуе працу Савет бяспекі / БЕЛТА

Працу Савета бяспекі трэба сур'ёзна выбудаваць, а дзе-нідзе і перабудаваць. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам.

Ён прапанаваў абапірацца на досвед аналагічных структур у Расіі ды Казахстане. "Нам трэба дашліфаваць некаторыя дакументы па функцыянаванні Савета бяспекі. Хацелася б на падставе досведу Расіі, Казахстана, іншых дзяржаў, блізкіх нам, ведаць, як яны забяспечваюць функцыянаванне Савета бяспекі", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Ён заявіў, што Савет бяпекі павінен збірацца рэгулярна. А на яго пасяджэннях павінны абмяркоўвацца фундаментальныя пытанні бяспекі і абароны дзяржавы. "Як правільна было адзначана, сёння бяспека шматбаковая. Пачынаючы ад харчовай і ў цэлым эканамічнай бяспекі да ваенных пагроз. Таму занадта шырокі спектр пытанняў, якія трэба вырашаць", — сказаў ён.

Па словах Лукашэнкі, Беларусь чакае "няпросты год". Ён заявіў, быццам сітуацыю ў краіне спрабуюць дэстабілізаваць з-за мяжы. Дзеля супрацьстаяння гэтым сілам ён прапанаваў улічыць досвед Расіі, Арменіі, Кыргызстана і Украіны.

"На шчасце, мы выявілі ўсе гэтыя цэнтры. Ведаем усіх гэтых "змагароў" і збеглых з Беларусі. Але ведаць мала. Гэтаму трэба супрацьстаяць. Як будзем дзейнічаць у выпадку абвастрэння сітуацыі — усё трэба да дробязяў прадугледзець з улікам досведу і Беларусі, і Расіі, і Арменіі, і Кыргызстана, і Украіны (вы бачыце, ўспыхнула зноў Украіна), і іншых постсавецкіх рэспублік. Мы даўно пра гэта дамаўляліся, і я думаю, што вы ўжо да гэтага гатовыя",паставіў ён задачу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.