Лукашэнка распавёў пра "жудасныя фэйкі" на Telegram-каналах

Лукашэнка распавёў пра "жудасныя фэйкі" на Telegram-каналах

Ва ўнутраныя справы Беларусі і перадвыбарчую гонку ўмешваюцца сілы з-за мяжы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 чэрвеня, прымаючы кадравыя рашэнні.

Асабліва кіраўнік Беларусі абрынуўся на Telegram-каналы, якія, па яго словах, распаўсюджваюць "жудасныя фэйкі", каб дыскрэдытаваць уладу. У прыватнасці, ён згадаў звесткі, якія некалькі дзён таму апублікаваў блогер Сцяпан Пуціла, — аб рахунках Віктара Лукашэнкі ў швейцарскім банку. 

"Сёння мне далажылі (хоць гэта было даўно, ніхто не дакладваў), што ў аднаго з маіх сыноў у Швейцарыі 840 мільёнаў долараў. Накіруйце туды па дыпламатычных каналах ліст: хто хоча забраць гэтыя грошы, хай неадкладна забярэ", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Па словах Лукашэнкі, людзі, якія не разбіраюцца ў банкаўскіх дакументах, могуць паверыць гэтым фэйкам. Беларускі кіраўнік заявіў, што крыніца гэтых фэйкаў — Расія. У прыватнасці, ён згадаў былога расійскага амбасадара ў Беларусі Міхаіла Бабіча"Такія фэйкі будуць пастаянна. І нам трэба гэта мець на ўвазе, з гэтым жыць і змагацца. Дарэчы, гэта падкідваецца структурамі "бабічаўскімі", "незыгарамі" з Расіі. Гэта не наша, гэта з Расіі ідзе інфармацыя. Потым яны папросяць, здымуць. Але людзям у мазгі ўжо ўкінулі гэта".

Фэйкам ён назваў і факт з флэшмоба "Я/МЫ 97%", дзе было выкарыстана пасведчанне Службы бяспекі прэзідэнта.
 
"Кажуць, пасведчанне Службы бяспекі. Хтосьці сыходзіў і пасведчанне з сабой забраў, цяпер друкуе, што ён супраць улады. Гэта неверагодна, каб, звальняючыся са Службы бяспекі, чалавек хоць на гадзіну пакінуў у сябе пасведчанне. Ён спачатку здае зброю, пасведчанне, потым атрымлівае абыходны ліст і іншае", — падкрэсліў Лукашэнка. 

Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы заявіў, што палітычныя апаненты штурхаюць яго на несумленную гульню. А за імі, нібыта, стаяць лялькаводы з Расіі ды Польшчы. 

"Яны і з аднаго, і з другога боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расеі падкідваюць. Мы пра гэта з прэзідэнтам Пуціным пагаворым у бліжэйшы час пры сустрэчы, але гэтая сітуацыя вельмі складаная. Прымяняюцца самыя сучасныя фальшывыя тэхналогіі, ідзе ўмяшанне з-за мяжы ў нашы выбары, унутраныя справы", — заявіў Лукашэнка.

Дарэчы, з Уладзімірам Пуціным беларускі кіраўнік бачыўся ўчора — на парадзе ў Маскве. Туды Аляксандр Лукашэнка прыляцеў разам з сынамі, а амаль адразу пасля парада паляцеў дадому. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі