Лукашэнка — пра КДБ: Нам саромецца няма чаго

Лукашэнка — пра КДБ: Нам саромецца няма чаго

Аляксандр Лукашэнка заступіўся за назву КДБ, якую мае беларуская спецслужба. На думку кіраўніка Беларусі, няма чаго саромецца гэтай назвы. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Камітэта дзяржбяспекі Валерыем Вакульчыкам 1 лютага.

"Нас многія крытыкуюць, што мы, як рэтраграды, пакінулі старую назву КДБ. Але сёння ўжо многія, мы так публічна не абмяркоўваем, але пры абмеркаванні з маімі калегамі я бачу, што яны нам зайздросцяць. Зайздросцяць не таму, што мы захавалі традыцыі. Хоць гэта таксама вельмі важна. Нам саромецца старога няма чаго. Да нас прэтэнзіі — да чэкістаў — прад'явіць цяжка. Па-першае, мы былі часткай сістэмы, і тым не менш непарадку ў нас у Беларусі заўсёды было менш. Таму я шчыра і адкрыта пра гэта сказаў: нам саромецца няма чаго", — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што "Камітэт дзяржаўнай бяспекі" — самая дакладная і актуальная назва. 

Самымі важнымі напрамкамі дзейнасці КДБ Лукашэнка назваў разведку і контрразведку. Таксама ён адзначыў важнасць барацьбы з тэрарызмам і захавання бяспекі грамадзян. Апошні паятак кіраўнік Беларусі растлумачыў падрабязна: "Гэта не толькі камусьці па руках надаваць, хто сябе дрэнна паводзіць у грамадстве, на вуліцы і гэтак далей. Дзяржбяспека сёння для Беларусі — перш за ўсё эканамічная бяспека. КДБ таксама надае вялікую ўвагу гэтай працы, хоць асноўным дзеячам у гэтай сферы з'яўляецца Камітэт дзяржкантролю".

Лукашэнка падзякаваў КДБ за добрую працу ў барацьбе з карупцыяй. Па яго словах, ніхто больш за КДБ сёння ў гэтай сферы не зрабіў. "Вельмі шкада, што некаторыя ведамствы, якія гэтым займаюцца, не выйшлі на ваш ўзровень. Але гэта ўжо маё пытанне. Я ўжо дацягну іх да ўзроўню эфектыўнай барацьбы, як у вас гэта функцыянуе. Гэта мы падправім", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён паставіў КДБ у прыклад іншым ведамствам: "Вы працуеце і з пракуратурай, і МУС, і Следчым камітэтам, але ўсё-такі ў вас гэтая праца ідзе больш сумленна. З вамі не дамовішся. З вамі ні адзін злачынец, я так мяркую, не дамовіцца. Бязлітасная барацьба з карупцыяй - гэта абарона нашай дзяржавы ад прамога развалу і ўнутранага супрацьстаяння". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі