Лукашэнка падпісаў два ўказы аб ЕАЭС, іх змест не раскрываецца

Лукашэнка і Пуцін на саміце ЕАЭС / Reuters
Лукашэнка і Пуцін на саміце ЕАЭС / Reuters

У сераду, 29 траўня, на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале афіцыйна апублікаваныя два ўказы кіраўніка Беларусі, што тычацца функцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза. Першы ўказ — пра змены ў Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 траўня 2014 года (у частцы фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза). Другі ўказ — аб праекце Пагаднення аб механізме нагляду за таварамі, увезенымі на мытную тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза. Тэксты абодвух дакументаў не раскрываюцца.

Еўрарадыё пацікавілася ў эканаміста Леаніда Фрыдкіна, што ж такога таемнага можа быць у гэтых дакументах, ці звязаныя яны паміж сабой і чаму іх тэкст не даступны нікому, акрамя чыноўнікаў.

Эксперт адразу падкрэсліў, што не бачыць ніякай сувязі паміж указамі, хоць яны і выдадзены адначасова. "Пагадненне аб механізмах нагляду за таварамі, увезенымі ў ЕАЭС, прадугледжвае абмен звесткамі з нацыянальных сістэм нагляду для забеспячэння кантролю за абаротам тавараў з пераліку, які зацвярджаецца Саветам Еўразійскай эканамічнай камісіі (як мяркуецца, гэта алкаголь, цыгарэты, абутак, бытавая тэхніка, футравыя вырабы, у перспектыве — мяса-малочная прадукцыя, чай, кава). Таксама пагадненнем устанаўліваюцца патрабаванні да нацыянальных сістэм нагляду", - растлумачыў Фрыдкін.

Што ж тычыцца пратакола аб адзіным электраэнергетычным рынку, то эксперт нагадаў, што ў рамках Дагавора аб ЕАЭС планавалася стварэнне да ліпеня 2019 года ўмоў як для арганізацыі цэнтралізаваных таргоў электраэнергіяй, так і для ажыццяўлення гандлю па свабодных двухбаковых дагаворах.

"Для гэтага павінны быць створаны электронныя сістэмы гандлю электраэнергіяй па тэрміновых кантрактах і на суткі наперад, а таксама інфармацыйная сістэма агульнага электраэнергетычнага рынку ЕАЭС, які павінен запрацаваць да 2025 года. Акрамя таго, планавалася распрацаваць адзіныя правілы гандлю электраэнергіяй, правілы доступу да паслуг суб'ектаў натуральных манаполій ў сферы электраэнергетыкі, правілы вызначэння і размеркавання прапускной здольнасці міждзяржаўных ліній электраперадачы і да т. п. Але, па чутках, ва ўстаноўленыя тэрміны ўсё гэта стварыць не паспяваюць", — расказаў Фрыдкін.

У пратаколе аб адзіным электраэнергетычным рынку, які апынуўся ў распараджэнні Еўрарадыё, гаворкі пра якія-небудзь тэрміны яго запуску не ідзе.

Ужо пасля публікацыі артыкула стала вядома, што абодва дакументы, пра якія ідзе гаворка, краіны ЕАЭС падпісалі на саміце ў Астане сёння, 29 траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі