Лукашэнка атрымаў ад Мядзведзева "парады, у якім накірунку рухацца"

25 кастрычніка ў падмаскоўным замку прайшла нечаканая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева, якая працягвалася каля трох гадзінаў. Паводле адной версіі, галоўным на ёй было абмеркаванне эканамічных праблемаў, найперш наступстваў сусветнага фінансавага крызісу. Паводле іншай - ішла гаворка пра будучае паседжанне "вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы", а значыць і пра праект Канстытуцыйнага акту. Дагэтуль няма адназначнага адказу, хто ж быў ініцыятарам сустрэчы. Многія СМІ сцвярджалі, што Мядзведзеў. Аднак сёння Лукашэнка даў сваю трактоўку.

"Дзякуй Вам за тое, што Вы адрэагавалі на маю просьбу сустрэцца,
- сказаў кіраўнік Беларусі расійскаму прэзідэнту. - Дзякуй за тое, што знайшлі час у свой выхадны дзень, таму што ў Вас графік напружаны".

"У нас няма выхадных, Аляксандр Рыгоравіч",
- адказаў Дзмітрый Мядзведзеў.



Сустрэча адбывалася ў былым замку баронаў Маендорф, які цяпер належыць упраўленню справамі прэзідэнта Расіі. БЕЛТА паведамляла, што падчас яе будзе абмяркоўвацца "шырокае кола пытанняў беларуска-расійскага ўзаемадзеяння, у тым ліку па супрацоўніцтве ў эканамічнай і знешнепалітычнай галінах".

"Радио Маяк" удакладніла, што Мядзведзеў і Лукашэнка абмяркуюць "стварэнне саюзнай дзяржавы", а таксама пастаўкі расійскага газу і электрычнасці ў Беларусь і супрацьдзейнічанне сусветнаму фінансаваму крызісу.



На пачатку Лукашэнка адзначыў, што эканоміка Беларусі прывязаная да Расіі, а амаль палова золатавалютных рэзерваў - у расійскіх рублях. Таму ён хоча атрымаць ад Мядзведзева "парады, у якім накірунку рухацца", інфармуе "Интерфакс". Таксама кіраўнік нашай краіны лічыць, што ў двухбаковых беларуска-расійскіх адносінах "трэба даць нейкія пазітыўныя сігналы", і, магчыма, ужо па выніках маскоўскай сустрэчы будзе зробленая нейкая заява.

Цікава, што прэс-служба прэзідэнта Расіі ў кароткай справаздачы пра сустрэчу галоўную ўвагу звярнула менавіта на будучае паседжанне "вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы", а абмеркаванне наступстваў сусветнага фінансавага крызісу паставіла на апошняе месца.

Паводле інфармацыі БЕЛТА, на перамовах таксама была абмеркаваная расійская ініцыятыва адносна стварэння новай Дамовы аб еўрапейскай бяспецы, а значыць Лукашэнка і Мядзведзеў пагаварылі і пра вайсковыя пытанні.

Фота - прэс-служба прэзідэнта Расіі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі