Логіка ўлады: зразумець і дараваць

Логіка ўлады: зразумець і дараваць

Лукашэнка імкнецца кіраваць усім. Але бясконцыя нарады не змяняюць стан справаў ні ў прамысловасці, ні ў эканоміцы, ні нават у хакеі. Чаму ўлады не адмаўляюцца ад мадэлі кіравання, якая раз за разам даказвае сваю неэфектыўнасць? Ці ёсць поспехі ў сферах, па якіх не праходзяць нарады ў прэзідэнта? Чаму паспяховы губернатар Сямён Шапіра згубіў сваю пасаду і прызначаны кіраваць хакеем, а іншы экс-губернатар Аляксандр Косінец вярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта пасля нечаканага звальнення паўгода таму, аналізуе незалежны аналітык Сяргей Чалы

Нарады выклікаюць адчуванне дэжавю

Еўрарадыё: На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў чарговую вялікую нараду. Яна была не вельмі звычайная, называлася "Алімпійскі сход". Але ўсё роўна было адчуванне дэжавю. Не таму, што алімпійскія сходы ў нас часта праходзяць, а таму, што ўсе нарады ў кіраўніка краіны, незалежна ад таго, чаму яны прысвечаныя, падобныя адна да адной. 

Сяргей Чалы: Так і ёсць. Калісьці Віктар Ерафееў пісаў пра Набокава, што той усё жыццё піша адзін і той жа метараман пра пошукі страчанага рая дзяцінства. Так і Аляксандр Лукашэнка ўвесь час праводзіць адну і тую ж метанараду, сутнасць якой ― паказаць, што ён усё яшчэ on control, усе даручэнні былі слушныя. А што не выканалі іх ― дык гэта ціску не хапіла, ці як там гэта ў нас называецца. Нарада ― гэта традыцыйны спосаб даць даручэнні, абмеркаваць праекты рашэнняў і выказаць апошнія меркаванні.

Еўрарадыё: То бок, нарада ― гэта рытуал, на якім усе выконваюць ролі, пра якія загадзя дамовіліся?

Сяргей Чалы: Былі выпадкі, калі не ўсё ішло па сцэнарыі. Напрыклад, Міхаіл Мясніковіч у час, калі быў прэм'ерам, мог раптам падняцца, калі бачыў, што размова ідзе да даручэнняў, якія немагчыма будзе выканаць, ці не зусім функцыянальных з гледзішча эканомікі. Вось, ён падымаўся і казаў, што ўсё будзе зроблена, але падчас гэтай кароткай прамовы крыху перафармулёўваў, мяняў акцэнты. Але гэта Мясніковіч мог дазволіць сабе. Калі не памыляюся, ён ― адзін з двух чыноўнікаў, якіх Аляксандр Лукашэнка называў па імені і імені па-бацьку.

Еўрарадыё: Дарэчы, некуды знік з экранаў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.

Сяргей Чалы: Думаю, хутка з'явіцца. Спачатку Лукашэнка скончыць даваць даручэнні ўраду, а пасля Кабякоў спусціць інструкцыі ніжэй.

Логіка ўлады: зразумець і дараваць
Міхаіл Мясніковіч і Андрэй Кабякоў. Фота: sputnik.by

"У нас адсутнасць стратэгіі падмяняецца тактыкай. На ўсіх узроўнях"

Еўрарадыё: Звычайна на нарадах гучаць патрабаванні. Напрыклад, ад чыноўнікаў патрабуюць павысіць сярэдні заробак, прычым, спачатку называлі лічбу ў $500, а цяпер кажуць пра 1000 рублёў. А ад спартоўцаў увесь час патрабуюць медалёў. Як думаеце, Аляксандр Лукашэнка, патрабуючы гэтых вынікаў, сам разумее, што дасягнуць іх немагчыма?

Логіка ўлады: зразумець і дараваць

Сяргей Чалы: Невыканальныя патрабаванні ў яго ўяўленнях ― абсалютна функцыянальны элемент. Да Галілея лічылася, што, каб матэрыяльнае цела рухалася з пастаяннай хуткасцю, да яго ўвесь час трэба прыкладаць хуткасць. Гэта арыстоцелеўскае ўяўленне пра прадметы. Але сёння мы ведаем, што ў інэрцыйнай сістэме прыкладанне сілы вядзе да руху з паскарэннем. Дык вось, Лукашэнка жыве ў сістэме данавуковай фізікі, дзе, каб нешта рухалася, трэба прыкладаць да гэтага сілу. Само ж не будзе працаваць! Ён не такі кіраўнік, які выбудуе сістэму і пакіне яе без уплыву. Я разумею, што гэта ўсё сфармавалася яшчэ ў часы працы ў саўгасе, дзе без таго, каб увесь час падштурхоўваць, ніякай працы не было. І адтуль жа нерэалістычныя планы, бо зразумела: паставіш рэальныя мэты ― выканаюць на палову, і будзе дрэнна.

Еўрарадыё: Чаго чыноўнікі ці спартоўцы маглі б патрабаваць у адказ?

Сяргей Чалы: Думаю, кіраўнікі федэрацый, напрыклад, нечага патрабуюць. Проста для гэтага не абавязкова збіраць нарады.

Еўрарадыё: У выніку атрымліваецца ўражанне, што ўся камунікацыя адбываецца зверху ўніз.

Сяргей Чалы: Вядома, гэта не так. Бо калі ў выніку неабходнай колькасці медалёў няма, і адбываецца "разбор палётаў", Лукашэнка кажа: мы ж вам і тое, мы ж вам і гэтае... І робіцца зразумелым, што была і другая частка пакетнай здзелкі. Але ў спорце мадэль з нарадамі не дае вынікаў, бо праблема нашмат глыбейшая, чым жыццё ад чэмпіянату да чэмпіянату. Трэба ствараць школы, умовы, набіраць дзяцей. Пасеяць цяпер, а ўраджай атрымаць праз дзесяцігоддзе. А ў нас як? "Вы напружцеся, вы напружцеся...". Адзін ці два разы гэта спрацоўвае, а пасля спартоўцы падыходзяць да завяршэння кар'еры, а на змену ім ніхто не прыходзіць. У нас адсутнасць стратэгіі падмяняецца тактыкай. На ўсіх узроўнях.

"Часам па відэа добра бачна, што Лукашэнка кажа не свае словы"

Еўрарадыё: Ці ёсць сферы, у якіх абыходзіцца без сістэмных нарадаў?

Сяргей Чалы: Калі пра спорт працягваць, дык гэта "дарагія" індывідуальныя віды спорту, накшталт тэніса, дзе арганізацыя з боку дзяржавы амаль на патрэбная. Там усё працуе, калі ў бацькоў хапае грошай на добрага трэнера, арэнду кортаў і экіпіроўку.

А ёсць яшчэ сферы, у якіх нарады праводзяцца, але па іншым сцэнарыі. Напрыклад, калі сфера не вельмі зразумелая, як IT, якую доўгі час не чапалі рукамі. Ці калі момант такі, калі не вельмі хочацца асацыявацца з тым, што адбываецца ў краіне. 

Для такіх нарад і агляд сітуацыі, і даручэнні (фактычна, самому сабе) рыхтуе адзін і той жа чалавек. Часам па відэа добра бачна, што Лукашэнка кажа не свае словы.

Еўрарадыё: А што наконт эканомікі?

Сяргей Чалы: Гэтую сферу аддалі прафесіяналам у студзені 2015 года. Перад тым адбылася балючая дэвальвацыя ў тры прыступкі. Памятаеце? Пасля "крымнаша" ў 2014 годзе расійскі рубель рэзка ўпаў да долара, і мы маглі скарыстацца гэтым. Але Лукашэнка на трох нарадах запар, у тым ліку і на нарадзе ў першай палове дня 19 снежня, калі і пачаўся крызіс, казаў, што забараняе Нацбанку гнацца за доларам. У выніку, яго ўмяшальніцтва паспрыяла таму, што крызіс быў такім вострым.

Еўрарадыё: Гэта, дарэчы, быў той год, калі сярэдні заробак у Беларусі перавысіў $600.

Сяргей Чалы: Ну так, пакуль курс не рухаўся. Цяпер гэтая сфера аддадзеная прафесіяналам. Дарэчы, я не лічу Пракаповіча дрэнным кіраўніком Нацбанка. У той сістэме, якая была створаная, ён забяспечваў эканамістам палітычнае прыкрыццё. Прыкладна тую ж функцыю выконвае і Павел Калаўр, але больш паспяхова, бо сам разбіраецца ў тым, чым кіруе.

Логіка ўлады: зразумець і дараваць
Кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр. Фота: БелТА

"Гэта ўсё нагадвае "Квартэт" Крылова"

Еўрарадыё: Дарэчы, наконт прафесіяналаў. У новым складзе Нацыянальнага алімпійскага камітэта з дзесяці чалавек толькі трое ўдзельнічалі ў Алімпіядах. Так, астатнія маюць дачыненне да спорту. Але ж камітэт не проста спартовы, а алімпійскі! І Сямён Шапіра, які ўзначаліў Федэрацыю хакея, страціўшы пасаду кіраўніка Мінаблвыканкама, таксама чалавек не спартовы.

Сяргей Чалы: Шчыра, гэта ўсё нагадвае "Квартэт" Крылова.

Еўрарадыё: Шапіра быў паспяховым кіраўніком Мінаблвыканкама.

Сяргей Чалы: Я думаю, гэта звязаныя рэчы. Калі чалавек пачынае ў вачах насельніцтва быць занадта паспяховым... Бо пытанне ў тым, што людзі павінны добра разумець, каму належыць поспех.

Еўрарадыё: А іншы экс-старшыня аблвыканкама, Аляксандр Косінец, зноў апынуўся ў Адміністрацыі прэзідэнта, адкуль яго звольнілі пяць месяцаў таму.

Сяргей Чалы: Усе поспехі Косінца  на чале Віцебскай вобласці ― гэта поспехі часоў, калі ў краіне было шмат грошай. А калі ў краіне шмат грошай, кожны дурань можа прыдумляць ідэі, накшталт таго, каб пабудаваць "Дыснэйлэнд". А цяпер час абсалютна іншы, час сур'ёзных бюджэтных абмежаванняў. І звальнялі Косінца з фармулёўкай "патрэбныя новыя непрычасаныя ідэі". Замест яго прыйшлі Качанава і Рыжанкоў, і гэта выглядала як дакладны мэсадж, што ад хлеба трэба пераходзіць да відовішчаў. Бо Качанава з выказваннямі накшталт "Не хапае грошай? Знайдзіце яшчэ адну працу" відавочна атаясамлівала адсутнасць грошай. А Рыжанкоў ― гэта якраз пра відовішча. Чаму Лукашэнку і крыўдна: улады цяпер не могуць прапанаваць людзям "хлеба". Але і з відовішчамі не атрымліваецца. Думаю, вяртанне Косінца ― вынік расчаравання.

Еўрарадыё: Сяргей Румас кіруе Федэрацыяй футбола. Ён, як і Шапіра, эфектыўны менеджар у эканамічнай сферы. А вось у беларускім футболе ўсё ж не тое, каб усё добра. То бок, і гэтая сістэма ― зрабіць добрага кіраўніка спартовым функцыянерам ― не апраўдвае сябе. Але ўлады ад яе не адмаўляюцца.

Сяргей Чалы: Там шмат рэчаў, якія ад кіраўніка федэрацыі ніяк не залежаць. Якія гадамі склаліся. Гэта ўсё роўна што зараз Кабякову даручыць, каб "Гарызонт" запрацаваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі