Літва заклікала ЕС увесці пяты пакет санкцый супраць Беларусі

У Бруселі праходзіць сустрэча кіраўнікоў МЗС краін ЕС​ / Reuters
У Бруселі праходзіць сустрэча кіраўнікоў МЗС краін ЕС​ / Reuters

Літва заклікала ЕС увесці пяты пакет санкцый супраць Беларусі, пра гэта заявіў кіраўнік літоўскага МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс перад сустрэчай міністраў замежных спраў ЕС. У Вільні лічаць, што паток нелегальных мігрантаў з тэрыторыі Беларусі ў апошні час арганізаваны беларускімі ўладамі.

"Беларусь выкарыстоўвае нелегальных мігрантаў як палітычную прыладу. Гэта не павінна заставацца без адказу. Мы заклікаем ЕС прыняць пяты пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі",цытуе літоўскага міністра агенцтва ТАСС.

Напярэдадні сустрэчы ў Бруселі Ландсбергіс казаў літоўскім СМІ ,што "выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі супраць краін ЕС нават больш цынічна, чым выкраданне самалёта Ryanair". Ён планаваў абмеркаваць тэму новых санкцый да пачатку пасяджэння кіраўнікоў МЗС ЕС з калегамі са скандынаўскіх і балтыйскіх краінах. Ён быў перакананы, што калегі пагодзяцца з тым, што "рэжымы, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці зброі ў гібрыднай вайне, павінны атрымаць балючы і адзіны адказ з боку ЕС".

З пачатку года літоўскія памежнікі спынілі ўжо 1676 нелегальных мігрантаў, якія ішлі з боку беларускай мяжы. За ўвесь мінулы год такіх нелегальных мігрантаў было менш за 100 чалавек. Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь можа аслабіць кантроль на мяжы. "Сёння мы гэтым займаемся, але роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне", — казаў ён, у прыватнасці, пра барацьбу з нелегальнай міграцыяй падчас нядаўняй нарады аб супрацьдзеянні санкцыйных мер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі