Лідзія Ярмошына: У Беларусі “крымскі рэферэндум” немагчымы

Еўрарадыё: Ці будзе нехта з беларускага Цэнтрвыбаркама прысутнічаць на рэферэндуме ў Крыме?


Лідзія Ярмошына: Не, мы ніякіх запрашэнняў не атрымлівалі. Каб там прысутнічаць, неабходна мець персанальнае запрашэнне. Да ўсяго, як вы разумееце, запрашаць мусіць украінскі Цэнтрвыбаркам, кіеўскі. А ён наўрад ці гэта будзе рабіць, бо рэферэндум афіцыйныя кіеўскія ўлады не прызнаюць. Апроч таго, я сёння пачула інфармацыю пра тое —  выступаў старшыня ЦВК Крыма, што накіраванае запрашэнне місіі АБСЕ.


Еўрарадыё: Магчыма, запрасіць вас можа і крымскі ЦВК?


Лідзія Ярмошына: Магчыма, але нам яны не накіроўвалі ніякіх запрашэнняў.


Еўрарадыё: Як вы, з пункту гледжання прафесіянала, ставіцеся да крымскага рэферэндуму — як ён упісваецца ў сістэму выбарчага заканадаўства?


Лідзія Ярмошына: Я не змагу вам адказаць на гэта пытанне, бо яно ў любым выпадку палітычнае. Адно, рэферэндум — гэта права народа і ён можа праводзіцца, а вось асаблівасці працэдур, спосаб яго прызначэння і, галоўнае, мэта — а мэта тут, найперш, палітыка — гэта ўсё занадта тонкія пытанні, і я каментарыяў па іх даваць не буду.


Еўрарадыё: Уявіце сітуацыю, што, да прыкладу, Магілёўская вобласць захоча правесці рэферэндум наконт свайго далучэння да Расіі — як вы такі рэферэндум ацэніце?


Лідзія Ярмошына: У нас гэта немагчыма. Бо ў нас ёсць спіс пытанняў, якія не могуць выносіцца на рэферэндум. У нас ёсць спіс пытанняў, якія могуць выносіцца толькі на мясцовы рэферэндум — у нас магчымыя мясцовыя рэферэндумы. Што да Крыма, то мы кажам пра правы аўтаноміі і магчыма, што ў яе правы больш шырокія, чым правы звычайнай вобласці.


Еўрарадыё: Большасць краін заявілі, што не прызнаюць вынікі крымскага рэферэндуму — як, на вашу думку, гэта непрызнанне можа паўплываць на яго вынікі?


Лідзія Ярмошына: Пра наша прызнанне альбо непрызнанне (Беларуссю вынікаў крымскага рэферэндуму. — заўв. Еўрарадыё) павінна казаць наша Міністэрства замежных спраў. Я думаю, калі дзяржава будзе існаваць… Ну, не прызналі там вынікі рэферэндуму ў Косава шмат якія дзяржавы, але ж Косава як дзяржава існуе. Альбо — дзяржава Абхазія. Таму, я думаю, што ўсё ж такі мае, перш за ўсё, рэальнае існаванне, самастойнае і самадастатковае, створанага ў выніку рэферэндуму ўтварэння. А ўсе гэтыя палітычныя заявы — яны другасныя.


Еўрарадыё: Рэферэндум будзе праходзіць пад наглядам невядомых узброеных людзей — ці можна давяраць вынікам такога рэферэндуму?


Лідзія Ярмошына: Гэтыя ўзброеныя людзі не стаяць жа над сябрамі выбарчых камісій і таму гэта ўсё — лухта! Выбары не праводзяцца толькі ў выпадку аб’яўлення надзвычайнага ці ваеннага становішча. А мы, па сутнасці, нават не ведаем: дзе гэтыя ўзброеныя людзі, ці шмат іх, ці ёсць там каменданцкая гадзіна? Там праходзяць палітычныя акцыі, і мы гэта бачым па тэлебачанні, адпаведна — няма гэтай каменданцкай гадзіны, ажыццяўляецца нейкая свабода сходаў. І нам вельмі складана выказваць наконт сітуацыі там сваё меркаванне. І не думаю, што працэдура можа выклікаць пытанні. Тут, па сутнасці, іншы, глыбінны сэнс — сэнс існавання дзяржавы ўвогуле. Гэта з’яўляецца галоўным, а не працэдуры.


Еўрарадыё: Ці хацелася б вам папрысутнічаць на крымскім рэферэндуме, паназіраць, як там усё будзе адбывацца?


Лідзія Ярмошына: Я не смагла б паехаць туды з-за таго, што ў нас у саміх ад 18 сакавіка пачынаецца датэрміновае галасаванне. А чыста тэарэтычна я не хачу разважаць.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі