Вы тут

"Лепш не рызыкаваць па пандусе, выберу прыступкі": безбар'ерны Мінск

Людміла Ваўчок, параалімпійская чэмпіёнка

Дачка параалімпійскай чэмпіёнкі Людмілы Ваўчок займаецца балетам і часта прыязджае на рэпетыцыі ў Палац прафсаюзаў і Дом афіцэраў. І кожны раз яе маме даводзіцца разглядацца на бакі, каб знайсці таго, хто гатовы — і можа дапамагчы ёй падняцца па прыступках. Пандусаў для гэтых будынкаў не прадугледжана.

Карэспандэнтка Еўрарадыё адправілася разам з Людмілай да Палаца прафсаюзаў, каб падлічыць бар'еры на шляху чалавека ў калясцы.

За час нашай прагулкі па цэнтры Мінска Людміле некалькі разоў прапанавалі дапамогу і нават абяцалі "насіць на руках", але спартсменка аддала б перавагу звычайнаму пандусу.

 

Лакацыя: Палац прафсаюзаў

— Я часта бываю ў гэтых мясцінах, бо тут выступае мая малая. Але трапіць унутр самастойна ў мяне няма магчымасці, і даводзіцца стаяць унізе і чакаць дапамогі. Адчуваеш сябе бездапаможным, безабаронным, нічога не можаш зрабіць. Добра, калі хтосьці ідзе побач і дапаможа, — расказвае Людміла.

Трапіць у Палац прафсаюзаў без старонняй дапамогі Людміла не можа

У Палацы прафсаюзаў Еўрарадыё расказалі, чаму будынак у цэнтры Мінска застаўся без пандуса. Будынак узведзены ў 1954 годзе. Аб'ект унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, гэта значыць любыя змены ў праект павінны быць узгоднены з Міністэрствам культуры.

— Так, неабходнае ўзгадненне праектнай дакументацыі для прыладжвання дадатковых канструкцый. Ёсць розныя варыянты: ёсць кнопка, ёсць спецыяльныя складныя пераносныя канструкцыі-ролапандусы. Гэтыя рашэнні прымяняюцца ва ўсім свеце. Усё ж будынак Палаца прафсаюзаў фармуе забудову праспекта Незалежнасці. Стварэнне дадатковых канструкцый прывядзе да змены знешняга аблічча праспекта, — расказала начальніца ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.

Узгадняць усталяванне пандусаў трэба для ўсіх аб'ектаў, якія ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. А гэта ўся забудова праспекта Незалежнасці ад Галоўпаштамта да будынка, у якім да нядаўняга часу размяшчалася крама "Акіян".

— Калі распрацоўваецца праектная дакументацыя для аб'ектаў, у тым ліку сацыяльнага прызначэння, да нас звяртаюцца з такой прапановай. Як правіла, мы рэкамендуем уладкаванне альтэрнатыўных варыянтаў. Калі гэта было магчымым, мы ўзгаднялі і ўсталяванне ліфта. Самае галоўнае — індывідуальны падыход да аб'екта, нельга сказаць, што гэта сітуацыя, з якой нельга знайсці выйсце, — дадалі ў Мінкульце.

Але нават калі чалавек з інваліднасцю зможа бесперашкодна і "безбар'ерна" трапіць у Палац, цяжкасці на гэтым не скончацца. Калі будынак праектавалі, інфраструктуру для людзей з інваліднасцю ў ім не прадугледзелі.

— Рэч жа не толькі ў пандусе. Пандус — гэта вонкавая карцінка, не больш. Але мы дапамагаем людзям з абмежаванымі магчымасцямі, калі яны да нас звяртаюцца, — расказалі ў Палацы прафсаюзаў.

 

Лакацыя: пешаходны пераход

Каб трапіць ад Палаца прафсаюзаў да Дома афіцэраў, можна адправіцца ў тур па цэнтральным Мінску. Так выглядаў бы наш маршрут, калі б мы вырашылі не эканоміць час і скарыстацца ўсталяваным каля спуску ў метро "Кастрычніцкая" ліфтам.

Чырвоным колерам адзначаны маршрут, які давялося б пераадолець Людміле, калі б яна надумала скарыстацца ліфтам

— Але для гэтага трэба намотваць такія колы! Напэўна, каб людзі рухаліся, трымалі сябе ў тонусе, — пасмейваецца Людміла.

Сама яна заўсёды спяшаецца, так што мы адмаўляемся ад абыходнага маршруту і адважваемся спусціцца ў падземны пераход.

— Зараз паспрабуем, тут я ў метро яшчэ не спускалася.

Часам бяспечней скарыстацца прыступкамі, чым пандусам

Ці не адважваемся? У самога пандуса Людміла спыняецца. Пандус так стромка ідзе ўніз, што спартсменка не адважваецца ім скарыстацца.

— Па такім пандусе я вельмі баюся спускацца, — Людміла яшчэ колькі часу задуменна вывучае падазроны элемент безбар'ернага асяроддзя. — Не буду рызыкаваць, выберу прыступкі.

І калі бездапаможнай перад стромкім пандусам адчувае сябе нават Людміла, у якой у актыве тры залатыя медалі Параалімпіяды і яшчэ чатыры срэбныя, можна ўявіць, як адчуваюць сябе не такія спартыўныя людзі з інваліднасцю.

— Я спартсменка, а многім людзям яшчэ складаней, бо ў калясцы могуць быць не толькі маладыя людзі, але і бабулі, і дзядулі.

Нават у бязлюдным падземным пераходзе доўга чакаць дапамогі не даводзіцца, тут жа знаходзяцца некалькі ахвотных дапамагчы Людміле.

— Мама, я перазваню. Вам дапамагчы? За што трымаць?

Але падняцца па пандусе аказваецца няпроста нават са старонняй дапамогай.

Беларусы хутка прыходзяць на дапамогу

Людміла чарговы раз раіць тым, хто праектуе гэтыя элементы безбар'ернага асяроддзя, выпрабоўваць іх на сабе, каб праверыць, ці падыходзіць праект для жыцця і для жывых людзей. І гэта не жарт: Людміла падкрэслівае, што менавіта так і робяць, напрыклад, у ЗША. Таму і чалавек з інваліднасцю на амерыканскіх вуліцах адчувае сябе камфортней.

— Мой сябар жыве ў вёсцы недалёка ад Цюрыха. Там нядаўна зрабілі пляцоўку для скейтбардыстаў. І перад гэтай пляцоўкай спраектавалі вялізную пляцоўку для калясачнікаў. Калясачнікаў я ў гэтай вёсцы не бачыла і не думаю, што хтосьці з іх паедзе катацца па гэтых горках, але гэта прадугледжана.

 

Лакацыя: праспект Незалежнасці

Мы адпачываем перад наступным этапам шляху. Людміла расказвае пра сябе. Яна любіць спорт, і для яе гэта не толькі праца. Летась спартсменка набыла сапсёрфінг.

— Гэта невялічкая надзіманая лодачка з вяслом. Я балдзею, калі еду ў вёску, калі мы палім у лазні, тандыры. Я люблю прыроду, і мая праца звязана з прыродай — што лыжы, што веславанне. Люблю горныя лыжы. Калі я прыязджаю ў Швейцарыю, сябар пастаянна браніруе гарналыжны боб, мая мара — набыць уласны гарналыжны боб, каб быць нароўні з маёй дачкой.

Людміла вельмі любіць горныя лыжы, а нядаўна асвоіла сапсёрфінг

Адным словам, Людміла — падрыхтаваная спартсменка. Калі побач з прыступкамі ёсць хоць бы парэнчы, яна зможа дабрацца да мэты нават без пандуса. Але тое, што для яе — штодзённая руціна, іншых людзей шакуе. Хтосьці кідаецца на дапамогу.

Людміла кажа: калі дапамога ёй спатрэбіцца, яна абавязкова папросіць, у іншых сітуацыях дапамагчы можна проста — не чапаць чалавека, які ведае, што робіць.

— Неяк мужчына ў шоку прапануе мне дапамагчы, я яму адказваю: усё ў парадку, я тут недалёка машыну прыпаркавала, дабяруся. Ён так здзівіўся: вы што, яшчэ і машынай кіруеце? Некаторых гэта дагэтуль шакуе. Быццам бы XXI стагоддзе, усюды гавораць пра месцы на паркоўках для людзей з інваліднасцю. І гэта прадугледжвае, што людзі з інваліднасцю кіруюць машынамі. Чаму многіх дагэтуль гэта ўводзіць у ступар?

 

Лакацыя: Аляксандраўскі сквер

Такім чынам, мы знаходзімся на патрэбным баку праспекта Незалежнасці. Засталося няшмат: падняцца да Дома афіцэраў. На гэта ідзе больш за дзесяць хвілін.

Часам лепш не рызыкаваць і не карыстацца пандусам

Наш шлях мог бы быць карацейшы, калі б на прыступках, якія вядуць да парку, быў усталяваны невялікі пандус. Ці хоць бы парэнчы. Але да Дома афіцэраў давялося ісці праз будынак тэатра імя Янкі Купалы.

— Па прыступках назад я спушчуся, каб скараціць шлях, але падняцца наверх без пандуса і без парэнчаў? Складана.

— І па горцы, напэўна, няпроста падымацца?

— Гэтых горак я нават не заўважаю.

Яшчэ некалькі нечакана складаных лакацый у цэнтры горада — крамы, размешчаныя ўздоўж праспекта Незалежнасці. А асабліва складаны раён — Няміга. Колькі ні прасіла Людміла ўсталяваць там пандус, чыноўнікі адказвалі — праектуем.

— Яны ўвесь час праектуюць, яны ўвесь час у працы, але другі год нічога няма, — расказвае спартсменка.

— А ў школе вашай дачкі ёсць умовы для людзей з інваліднасцю?

— Так.

— Яны там заўсёды былі ці з'явіліся дзякуючы вам?

— Дзякуючы мне, — лаканічна адказвае Людміла. — Не тое каб я хадзіла па кабінетах. Проста я даволі вядомы чалавек, калі мы апынуліся ў гэтай школе, умовы там зрабілі.

Калі Людміла атрымала кватэру ў Алімпійскай вёсцы, давялося патрабаваць пандус у ЖЭСа. Там ёй сказалі: пандус зрабіць немагчыма, гэта псуе вонкавы выгляд дома. Маўляў, неэстэтычна.

— Пастаўце тады эстэтычнага маладога чалавека, які мог бы мяне падымаць па прыступках дзень і ноч.

Эстэтычны малады чалавек, гатовы дапамагаць, знаходзіцца ў нашай наступнай лакацыі.

 

Лакацыя: Дом афіцэраў

— Мінулы раз падаў снег, дзьмуў вецер, а я, бездапаможная, стаю ля прыступак. Да каго звярнуцца па дапамогу — незразумела, — успамінае Людміла пра тое, як прывяла сюды дачку на рэпетыцыю.

Да каго звярнуцца па дапамогу каля Дома афіцэраў?

— А тут пандуса, хутчэй за ўсё, і не будзе, будынак унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, — расчароўвае Людмілу адзін з афіцэраў ля Драматычнага тэатра Беларускай Арміі. — Але мы заўсёды вам дапаможам! Данясём на руках!

— Я згодная, мне многія зайздросцяць, так часта мяне мужчыны на руках носяць! — смяецца Людміла.

А калі мы ідзём далей, ужо без смеху дадае, што хацелася б усё ж мець магчымасць быць самастойнай у горадзе. Па дарозе да метро Людміла ўспамінае, як адводзіла дачку на заняткі гімнастыкай пры ўніверсітэце фізкультуры, у якім тады вучылася.

Вялізны ганак. І ніякай інфраструктуры.

— Ёй два гадкі, я адпраўляю яе адну. Як яна дабралася? Як пераадзелася? Я не ведаю. Вы не ўяўляеце, як адчуваць сябе бездапаможнай у гэтай сітуацыі. Напэўна, дзякуючы гэтаму дзіця расце самастойным. Ёй даводзіцца.

Самастойнай лёгка быць у падземным пераходзе ля станцыі метро "Купалаўская". З абодвух бакоў праспекта ўсталяваныя спецыяльныя ліфты. Калі Людміла паказвае мне, як можа падняцца па прыступках, калі побач ёсць хоць бы парэнчы, супрацоўніцы метро думаюць, што мы не ведаем пра ліфты, і тут жа выклікаюцца дапамагчы і правесці.

Адным словам, з беларусамі, у адрозненне ад пандусаў, усё ў парадку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.