Лаўроў: У нас няма алергіі ці рэўнасці з-за збліжэння Беларусі і ЕС

Лаўроў: У нас няма алергіі ці рэўнасці з-за збліжэння Беларусі і ЕС

Расія спакойна ставіцца да таго, што Беларусь спрабуе нармалізаваць адносіны з Еўрасаюзам. Пра гэта міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў заявіў у інтэрв'ю беларускім журналістам 23 чэрвеня. 

"Што да працэсу збліжэння паміж Беларуссю і ЕС, у нас няма ніякіх алергій, ніякіх адчуванняў рэўнасці. Гэта натуральнае імкненне любой краіны, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, шукаць узаемавыгадныя сувязі з усімі сваімі суседзямі", — цытуе tut.by словы расійскага міністра.

Лаўроў дадаў, што з боку Расіі не было ніякага пахаладання ў адносінах з ЕС. "Мы ніколі не ставілі пытанне перад нашымі партнёрамі на постсавецкай прасторы: вы павінны выбіраць, з кім вы хочаце быць — з Расіяй ці з Захадам. Такое пытанне ставілі перад краінамі постсавецкай прасторы нашы заходнія калегі, ставілі неаднаразова (чаго каштаваў першы Майдан на Украіне 2004 года, калі міністры замежных спраў Еўрасаюза публічна патрабавалі ад Кіева зрабіць выбар: з кім вы хочаце быць з Расіяй ці з Еўропай). Я лічу, што гэта пачварная, падрыўная палітыка, якая дагэтуль адгукаецца і ўкраінскаму народу, і многім іншым", — паведаміў Лаўроў.

Кіраўнік расійскай дыпламатыі заявіў, што Расія вернецца да партнёрства з Еўрасаюзам, калі ён "будзе гатовы змяніць сваю цяперашнюю абсалютна тупіковую лінію". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі