Латушка прапанаваў правесці над ім публічны суд анлайн

Павел Латушка гатовы паўдзельнічаць як падсудны ў публічным судзе анлайн. Пра гэта ён заявіў у звароце да Аляксандра Лукашэнкі.

Так палітык адрэагаваў на ўвядзенне ў Беларусі завочных судоў над палітэмгрантамі. Як распавядала Еўрарадыё, адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 21 ліпеня.

"Грамадзянін Лукашэнка, я ж разумею, для каго вы вынайшлі гэтыя вашыя завочныя суды і прымаю выклік. Нагадаю, што вашымі стараннямі супраць мяне ўзбуджана аж 8 крымінальных спраў і канфіскацыя маёмасці — гэта самае малое, чым вы мне можаце пагражаць, калі па частцы абвінавачванняў супраць мяне максімальным пакараннем з'яўляецца вышэйшая мера.

Але ўсё ж, да чаго гэтыя завочныя суды? Я гатовы да суду публічнага. Тым больш, што ваша судовая сістэма ўжо прадэманстравала сваю "тэхнічную гатоўнасць" — мы ўсе выдатна памятаем, як ліха праходзілі ўсе гэтыя судзілішчы па скайпе", заяўляе Латушка.

Латушка заяўляе, што гатовы ўдзельнічаць у адкрытым працэсе, які будзе праходзіць анлайн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.