Куды падзеўся джып са зброяй з мяжы і што чакае “Справу патрыётаў”?

Куды падзеўся джып са зброяй з мяжы і што чакае “Справу патрыётаў”?

20 лістапада спаўняецца 8 месяцаў з пачатку гучнай справы пра джып з “дыверсантамі”, які нібыта прарываўся праз украінска-беларускую мяжу. Гэтая гісторыя папярэднічала масавым затрыманням “патрыётаў” і былых удзельнікаў “Белага легіёна”. Абедзве справы да гэтага часу так і не дайшлі да суда. Што пра іх вядома на сёння?

Крыху пра самі падзеі і іх храналогію.

Эпізод першы.

У ноч на 20 сакавіка, у 1 гадзіну 45 хвілін на памежным пункце пропуску "Аляксандраўка" беларуска-украінскай мяжы адбываецца надзвычайнае здарэнне. "Кіроўца Jeep збіў шлагбаум, праехаў праз сродак прымусовага спынення і, атрымаўшы механічныя пашкоджанні, распачаў спробу прарыву ўглыб тэрыторыі Беларусі. Для затрымання памежнікі ўжылі табельную зброю", ― гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Памежнага камітэта. 

У выніку памежнікі даганяюць аўтамабіль-парушальнік і прастрэльваюць яму колы. "Былі затрыманыя двое грамадзян, асобы якіх высвятляюцца. Па наяўнай інфармацыі, у дадзеным аўтамабілі мог знаходзіцца яшчэ адзін невядомы, які ў цяперашні час адшукваецца. Падчас знешняга агляду аўтамабіля знойдзены пісталет маркі ТТ і два падрыхтаваныя магазіны, а таксама прадмет, знешне падобны на траціл і электрадэтанатары", ― гаворыцца ў тым жа паведамленні. Пазней становіцца вядома, што ад памежнікаў уцёк кіроўца, а машына магла рухацца не з тэрыторыі Украіны, а з беларускай вёскі, размешчанай паміж пунктамі пропуску.

І гэта ўсё. З таго часу мы так і не даведаліся, што стала з “двума затрыманымі”, ці знайшлі “кіроўцу-ўцекача”, што стала з машынай і нібыта знойдзенай у ёй зброяй.

Некалькі разоў журналісты спрабавалі даведацца пра лёс гэтай “дыверсійнай джып-справы” у прадстаўнікоў Следчага камітэта, КДБ і МУС, але заўжды чулі адно: “Следства па справе працягваецца, з часам вы пра ўсё даведаецеся”. Мінула восем месяцаў, і пакуль нічога… А гісторыя пра кіроўцу, які так збег, што яго за 8 месяцаў не здолелі знайсці, нараджае пытанне: “А ці быў хлопчык?”.

Эпізод другі.

На наступны пасля здарэння дзень кіраўнік краіны заяўляе пра затрыманне "некалькіх дзясяткаў баевікоў". Пікантнасць сітуацыі дадае тое, што “затрымліваць баявікоў” спецслужбы пачынаюць толькі пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі у ноч з 21 на 22 сакавіка прыходзяць па Алеся Яўдаху і Міраслава Лазоўскага, былога кіраўніка “Белага легіёна”. Пазней у ізалятар трапляюць яшчэ амаль тры дзясяткі чалавек. Дзяржаўныя тэлеканалы паказваюць сюжэт аб раскрыцці змовы групы асобаў, якія збіраліся 25 сакавіка, падчас дэманстрацыі на Дзень волі, арганізаваць у краіне масавыя беспарадкі. І тут другая цікавостка ― пачынаецца сюжэт з... прарыву мяжы на КПП "Аляксандраўка".

Але апроч прарыву, мяжы была яшчэ адна падзея, якая дала штуршок “Справе патрыётаў”. Пра гэту падзею, ці, дакладней, таямнічую “Фраў А”, таксама расказаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы 21 сакавіка з калектывам магілёўскага прадпрыемства “Кранаспан”. Па яго словах, “у амбасаду Беларусі прыйшла жанчына, якая папярэдзіла: рыхтуюцца правакацыі”.

“Жанчына прыйшла ў амбасаду і папярэдзіла, афіцыйна напісала ліст: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы”, — сказаў Лукашэнка. 

Куды падзеўся джып са зброяй з мяжы і што чакае “Справу патрыётаў”?
Ліст ад "Фраў А" з папярэджаннем

“Цікавых рэчаў” і ў гэтай справе сапраўды было шмат. Некалькі дзясяткаў чалавек былі затрыманыя і працяглы час знаходзіліся ў СІЗА КДБ і СІЗА-1. Следчыя КДБ распачалі справы па артыкулах “Удзел у незаконным ўзброеным фармаванні” і “Арганізацыя масавых беспарадкаў”. Гледачам БТ і чытачам “Беларусь Сегодня” дэманструюцца фота нібыта канфіскаванага ў затрыманых узбраення ― аўтаматычнай зброі і гранат. Следчыя знайшлі нават схаваную ў лесе самую страшную зброю ― абрэзкі арматуры.

Градус страху пастаянна павышаўся, але пасля брутальнага разгону 25 сакавіка Дня Волі справа пачала затухаць. І паступова затрыманых сталі выпускаць на свабоду. Апошнім, 30 чэрвеня, з-за кратаў выйшаў Міраслаў Лазоўскі. Потым КДБ, на сайце якога, дарэчы, за ўвесь гэты час так і не з’явілася ніводнага паведамлення па “Справе патрыётаў”, і ўвогуле перадае яе Следчаму камітэту.

25 кастрычніка, адказваючы на пытанне Еўрарадыё пра лёс гэтай справы, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч кажа:

“Справа працягваецца, але я думаю, што там ужо падстаў разбірацца да бясконцасці няма. Я думаю, што цягам восені мы ўжо паставім кропку ў гэтай справе. Напэўна, самая няўдзячная справа — следчаму казаць пра перспектывы. Але я вам гарантую, што будзе прынятае законнае і абгрунтаванае рашэнне”.

Абвінавачванні з затрыманых па “Справе патрыётаў” знялі, але што з канфіскаванай “зброяй”? Які лёс арматуры і “Фраў А” ― гэтай новай версіі “пацукоў Сухарэнкі”, якімі моладзь "Плошчы-2006" збіралася атруціць усю ваду ў Мінску? Магчыма, нешта стане вядома ў бліжэйшы час, тым больш, што 15 лістапада стала вядома, што фігурантаў справы выклікалі на допыт. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі