Ксёндз-кардынал Казімір Свёнтак адзначае сёння 95-годдзе

21 кастрычніка адзначае 95-годдзе апостальскі адміністратар Пінскай епархіі, ксёндз-кардынал Казімір Свёнтак — адзін з самых старых і паважаных каталіцкіх іерархаў, першы ў Беларусі пасля 1798 года кардынал. У дзень свайго нараджэння ксёндз-кардынал узначаліць святую імшу ў пінскім кафедральным саборы Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Разам з ім літургію будуць служыць святары Пінскай епархіі, інфармуе БелаПАН.

Пасля Еўхарыстыі іерарх і ўсе прысутныя накіруюцца да труны блажэннага біскупа Зігмунда Лазінскага. Менавіта тут, каля труны біскупа, у 1933 годзе выпускнік гімназіі Казімір Свёнтак зразумеў, што яго пакліканне — стаць святаром.

Дарэчы, увесь 2009 год складаецца з памятных дат, звязаных з падзеямі жыцця кардынала, лёс якога неаддзельны ад гісторыі беларускага касцёла.

70 гадоў таму, у красавіку 1939-га, у Пінскай духоўнай семінарыі Свёнтак быў высвечаны ў святары. Гэты выпуск семінарыстаў 1939 года быў апошнім — духоўная ўстанова зачыніла савецкая ўлада. А адкрыў адроджаную семінарыю ў 2001 годзе яе выпускнік, ксёндз-кардынал.

55 гадоў таму, у 1954-м, скончыўся 10-гадовы тэрмін зняволення ксяндза. Гэтыя дзесяць гадоў — з 1944-га ён правёў у сталінскіх лагерах. У 1954 годзе Свёнтак стаў плябанам пінскага кафедральнага касцёла.

15 гадоў таму, 26 лістапада 1994 года, Свёнтак стаў кардыналам.

5 гадоў назад, у 2004 годзе, Папа Ян Павел ІІ уручыў кардыналу адмысловую ўзнагароду Fidei testis ("Сведка веры").

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі