Вы тут

Крысціна Ціманоўская правяла ноч у гатэлі аэрапорта

Крысціна Ціманоўская ў такійскім аэрапорце / Reuters

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская правяла ноч у гатэлі такійскага аэрапорта Ханэда. Пра гэта паведаміў кіраўнік прэс-службы Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Марк Адамс.

"Яна правяла ноч у гатэлі пры аэрапорце ў бяспечнай і абароненай абстаноўцы", — перадае ТАСС яго словы. Адамс дадаў, што ўначы прадстаўнікі аргкамітэта асабіста паразмаўлялі з Ціманоўскай. Ён паабяцаў, што кантакты са спартоўкай, накіраваныя на выпрацоўку далейшых дзеянняў, працягнуцца.

МАК дапускае ўжыванне санкцыяў супраць беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Але, па словах Адамса, рашэнне будзе прымацца толькі пасля атрымання поўнай карціны падзеяў.

Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская падчас спаборніцтваў паведаміла ў сацсетках, што яе выстаўляюць бегчы эстафету 4х400 метраў. Між тым, дзяўчына выступае ў бегу на дыстанцыі 100 і 200 м. Заява спартоўка выклікала шырокі розгалас. У выніку трэнерскі штаб зусім зняў яе са спаборніцтваў, заявіўшы пра эмацыйна-псіхалагічны стан Ціманоўскай. 

Дзяўчыну павезлі ў Беларусь, але ў такійскім аэрапорце яна заявіла, што яе вывозяць без яе згоды. У сацсетках яна звярнулася да МАК з просьбай умяшацца ў сітуацыю і дапамагчы ёй. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.