Краіна змянілася, яна ашаламляльна адрозніваецца ад сябе год таму — Джулі Фішэр

Джулі Фішэр / Reuters
Джулі Фішэр / Reuters

Беларусь сённяшняя ашаламляльна адрозніваецца ад Беларусі ўсяго год таму, заявіла прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Яна выступіла са зваротам з нагоды гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года. Яна падкрэсліла, што гаворка ідзе пра гадавіну "сфальсікаваных выбараў".

Па яе словах, тыя выбары сталі "важным паваротным момантам для Беларусі". Улады задоўга да дня галасавання, па яе словах, "далі зразумець, што супернічаць на роўных не збіраюцца". Але ў гэты раз людзі "ясна заявілі, што не прымуць вынікі сфальсіфікаваных выбараў".

Фішэр узгадала аб шматтысячных маршах, пра тое, што людзі выходзілі на іх, нягледзячы на рызыку "быць арыштаванымі або атрымаць траўмы".

"Беларусы настойвалі на тым, каб іх галасы былі пачутыя, а воля на выбарах — падлічаная. Іх накіраванасць, прадэманстраваная ў вялікіх і малых гарадах па ўсёй краіне, паказала, што Беларусь гатовая да пераменаў", — падкрэсліла Джулі Фішэр.

Уласна, дзякуючы "іх дзеянням Белорусь сённяшняя ашаламляльна адрозніваецца ад Беларусі ўсяго год таму".

Дыпламат таксама адзначыла, што свет стаў сведкам несправядлівасці і ахвяр. Яна нагадала, што ЗША разам з ЕС "салідарныя ў непрызнанні выбараў у жніўні мінулага года". Яна яшчэ раз сфармулявала асноўныя чаканні заходніх краін: ад Мінска чакаюць павагі правоў чалавека і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

"Гэты першы крок неабходны для ўсебаковага палітычнага дыялогу і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў пад міжнародным наглядам", адзначыла яна.

На яе думку, гэты год паказаў, што Беларусь змагла зрабіць крок да новай будучыні — будучыні дэмакратычнай, суверэннай і квітнеючай нацыі.

"Як і шмат хто ў Беларусі, я з нецярпеннем чакаю таго дня, калі гэта будучыня наступіць", — сказала Джулі Фішэр. Свой зварот яна скончыла словамі па-беларуску: "Жыве Беларусь".

Год таму ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары. Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына абвясціла, што Аляксандр Лукашэнка перамог з падтрымкай 80,1%, а Святлана Ціханоўская набрала 10,1% галасоў.

Па ўсёй краіне ўспыхнулі пратэсты, якія былі жорстка задушаныя з ужываннем светлашумавых гранат, гумовых куль, вадамётаў і іншых спецсродкаў. Пазней з'явіліся фота і апавяданні людзей, якія падвергліся гвалту пры затрыманні. Гэта выклікала новую хвалю пратэстаў. Масавыя акцыі працягваліся да канца восені, пакуль не былі канчаткова задушаны жорсткімі рэпрэсіямі. У краіне застаецца больш за 600 палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі