Кошты на расійскі газ — ураўненне з двума невядомымі

Еўрарадыё: Уладзімір Пуцін заявіў, што газ у наступным годзе для Беларусі будзе таннейшы. Перамовы пра гэта вяліся дастаткова даўно і расійскі бок адмаўляўся ісці на саступкі. Чаму зараз Расія змяніла сваё рашэнне?

Бутрын: Усе разумеюць, што неадкладны пераход на еўрапейскія цэны для Беларусі фактычна немагчымы, бо сітуацыя ў эканоміцы Беларусі сапраўды не вельмі добрая і дадаткова яе пагаршаць нікому асабліва не трэба. З іншага боку, я б не перабольшваў аб’ём гэтых зніжак, бо Расія да 2014 сама пяройдзе на роўнадаходныя цэны. Гэта азначае, што ўнутраныя цэны для ўнутрырасійскіх спажыўцоў (тое, чаго Беларусь заўжды прасіла для сябе) будуць прыкладна роўныя еўрапейскім, за выключэннем транспартных.

Еўрарадыё: Ці выйграе Беларусь ад гэтага паніжанага каэфіцыенту?

Бутрын: Ад зніжэння каэфіцыенту не моцна, але выйграе. Ад інтэграцыі — не. Бо інтэграцыя — гэта зніжэнне кіравальнасці на нейкі перыяд. Зніжэнне кіравальнасці — зніжэнне эфектыўнасці працы. Далей пытанне, наколькі больш уся Беларусь ад гэтай зніжкі выйграе ў параўнанні з тым, што яна згубіць на інтэграцыйных працэсах. Акрамя таго, у інтэграцыйных працэсаў ёсць не толькі адмоўныя бакі. Калі вы зліваеце кампанію, у вас спачатку губляецца эфектыўнасць, пасля яна павялічваецца, з іншага боку, агульная эканамічная інтэграцыя адкрывае новыя рынкі і, вядома, нейкі новыя магчымасці атрымоўваюцца. Гэта ўраўненне з двума невядомымі — гэта складана.

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне сярод незалежных экспертаў, што Расія зараз спрабуе набыць самыя ключавыя прадпрыемствы і такім чынам Беларусь згубіць сваю эканамічную незалежнасць. Такая перспектыва магчымая?

Бутрын: Тэарэтычна, магчыма, але праблема ў тым, што калі чалавек нешта набывае, ён усе ж разлічвае, што гэта ў яго у руках не рассыплецца. Калі ён набывае, каб гэтым валодаць. Я моцна сумняваюся, што беларускія актывы, якія набудуць расійскія прадпрыемствы, не рассыплюцца ў іх у руках. Досвед расійскіх буйных інвестыцый існуе, і станоўчага досведу не існуе, бо расійскі менеджар не вельмі разумее, як кіраваць даччынымі беларускімі прадпрыемствамі. Набыць можна, толькі незразумела, навошта патрэбна набытая Беларусь, якая будзе развальвацца ў руках. Нікому не патрэбнае ператварэнне Беларусі ў дэпрэсіўны расійскі рэгіён. Можа, нейкія палітычныя амбіцыі на гэтым месцы ў людзей ёсць, але я не веру ў палітыкаў, якія ставяць сабе такую мэту.

Еўрарадыё: Некаторыя аналітыкі адзначаюць украінскі аспект у гэтым рашэнні. Нібыта, Украіна не хоча прадаваць газатранспартную сістэму Расіі. І тут беларускім прыкладам паказваецца Украіне, што гульня вартая гэтага. Ці можа так быць?

Бутрын: Для гэтага трэба мець дзейсны беларускі прыклад, а дзейсны беларускі прыклад наўрад ці будзе дзейсным.

Фота: РИА новости

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі