Колькі каштуе лаяльнасць да ўлады?

Эканаміст Аляксандр Чубрык кажа, што ў беларускіх уладаў не хапае грошай, каб забяспечыць да сябе лаяльнасць
Пра тое, як на гэта рэагуюць беларусы і якім будзе новы сацыяльны кантракт, Еўрарадыё размаўляе з эканамістам даследчага цэнтра ІПМ Аляксандрам Чубрыкам

Што такое сацыяльны кантракт, дзе ён прапісаны, ці існуе наогул?


Чубрык: З аднаго боку ёсць ўлада, з другога боку ёсць пэўныя сацыяльныя групы. Што патрэбна ўладзе? Улада хоча, каб насельніцтва было да яе лаяльным, а калі не лаяльным, то каб прынамсі не пратэставала. Таму тут паўстае прастора для пэўных пагадненняў, якія нідзе не прапісаныя. То бок насамрэч іх няма, але калі падаследаваць, то можна выявіць, што такія “нібыта пагадненні” існуюць.

Узамен на лаяльнасць дзяржава прапануе пэўныя даброты. Частцы людзей, каб быць лаяльнымі, гэтых дабротаў хапае. Такім чынам гэтыя людзі задаволеныя ўмовамі сацыяльнага кантракту. Другія жа хочуць большага ці іншага.

У такім разе яны маюць два варыянты — альбо пратэставаць, каб дамагчыся большага для сябе (у сацыялагічнай тэрміналогіі гэта называецца “голас” — калі ты пратэстуеш супраць таго, што існуе). Альбо ёсць яшчэ адзін варыянт, і ў сацыялагічнай тэрміналогіі ён называецца “выйсце”... Ты можаш працаваць на дзяржаўным прадпрыемстве, мець невялікі, але стабільны заробак, невялікі сацыяльны пакет. Калі табе гэтага не хапае, ты можаш пайсці ў прыватны сектар і там працаваць за большыя грошы, але, магчыма, не за такія стабільныя. І дзяржава тут ужо на цябе ўплывае ў значна меншай ступені, яна цябе не чапае і ты не пратэстуеш. То бок ты знайшоў магчымасць выйсця.

Ва ўладаў не хапае грошай, каб забяспечыць да сябе лаяльнасць

А што абяцала ў нас дзяржава народу і што мела за гэта ўзамен?

Да нядаўняга часу беларускія ўлады, асабліва перад істотнымі палітычнымі падзеямі (прэзідэнцкімі выбарамі альбо рэферэндумамі), даволі хутка падвышалі сярэдні ўзровень даходаў насельніцтва. Але сёння грошы на такую падтрымку скончыліся.

Запатрабаванні людзей настолькі высокія, што дзяржава проста не ў стане забяспечыць лаяльнасць за грошы. Атрымліваецца, што сёння той сацыяльны кантракт, які існаваў, ужо не існуе. Папросту таму, што ва ўладаў няма грошай, каб забяспечыць той узровень дабротаў, які існаваў да гэтага. Зараз адбываецца перафарматаванне сацыяльнага кантракту з боку дзяржавы.

Дзяржава фактычна прапануе значна меншы ўзровень дабротаў: бясплатная адукацыя, бясплатная медыцына не вельмі добрай якасці, ну і ахова грамадзянаў — міліцыя, войска і г.д. І ўсё. Усё астатняе аддаецца на выйсце. То бок, калі табе не падабаецца працаваць на дзяржпрадпрыемстве скарочаны працоўны дзень з маленькім заробкам, то ідзі працаваць у прыватныя прадпрымальнікі.

Відавочна, што ў цяперашняй сітуацыі дзяржава будзе пашыраць магчымасці выйсця. Яна ўжо пачынае гэта рабіць.

Калі адмянілі льготы, дзяржава парушыла такую дамоўленасць? Тэарэтычна, народ мог узбунтавацца, таму што дзяржава не выканала ўмовы сацыяльнага кантракту. Але ў нас атрымліваецца, што льготы адмянілі, заробак знізілі — і ніякага пратэстнага настрою...


Ёсць палітычны пратэст, ён мае на мэце змену ўлады. А ёсць пратэст не супраць чагосьці, а за тое, каб забяспечыць сабе большыя даброты. Гэта два розныя пратэсты. Першы варыянт пратэсту большая частка беларусаў лічыць нерацыянальным. Палітычны пратэст ніяк не ўпісаны ў сацыяльны кантракт. За палітычны пратэст існуюць вельмі жорсткія санкцыі. Усе гэта вельмі добра разумеюць. Такім чынам ён проста выкінуты адсюль.

Увогуле, магчымасці вельмі маленькія, у межах таго “голасу”, пра які я казаў, можна пайсці напісаць скаргу, можна пайсці дамагацца сваіх правоў праз суд, можна напісаць у СМІ, што цябе пакрыўдзіла дзяржава і г.д.

Ці значыць гэта, што сацыяльны кантракт будуецца выключна з боку дзяржавы, а насельніцтву застаецца з ім толькі пагаджацца? Альбо ён можа быць перагледжаны толькі са згоды двух бакоў?


Тут усё залежыць ад тыпу палітычнага рэжыму ў краіне, ад таго, на падтрымку якіх груп разлічвае дзяржава. Да нядаўняга часу дзяржава разлічвала на шырокую падтрымку сярод насельніцтва. Ёсць другая магчымасць: ты можаш быць падтрыманы вузкай групай элітаў, як гэта было ва Ўкраіне пры Кучме. Эліты падтрымлівалі Кучму, але людзі Кучму не падтрымлівалі, яны былі супраць. Ніхто на тых людзей не глядзеў!

Але тут, паўтаруся, вельмі істотная рэч: дзяржава мусіць забяспечыць людзям магчымасці выйсця. Уключыць такія элементы сацыяльнага кантракту, як сацыяльная падтрымка беспрацоўных, лібералізацыя малога і сярэдняга бізнэсу і г.д. Інакш у грамадстве паўстане вельмі істотная напружанасць.

Ці магчымы ў Беларусі такі варыянт, як ва Ўкраіне, калі дзяржава кантракт заключае толькі з элітамі, а не з усім насельніцтвам? Бо дзяржава фізічна не ў стане забяспечыць запатрабаванні ўсяго беларускага насельніцтва.

Гэта як раз тое, што цяпер і адбываецца. Тэарэтычна, гэта абсалютна лагічныя наступствы.

Каб задаволіць насельніцтва, ўлада пачне развіваць недзяржаўны сектар

Дык цяпер адбываецца перагляд беларускага сацыяльнага кантракту альбо дзяржава проста не выканала папярэдні? Як гэта разглядаць?

Калі вы маеце кантракт з працадаўцам, а працадаўца вырашыў, што ён не можа плаціць вам такі заробак, які ён плаціў раней, і кажа: давай я табе буду плаціць меншы заробак — гэта невыкананне кантракту працадаўцам альбо яго перагляд?

Я думаю, калі працаўнік пагаджаецца на новыя ўмовы, то перагляд...

Відавочна, насельніцтва, паколькі яно тут жыве, пагодзіцца на новыя ўмовы. У Беларусі ўся сістэма сацыяльнай падтрымкі, якая тут была створаная, уся была завязаная на дзяржаве, на поўнай занятасці. Калі ты меў працу, то ты меў грошы, каб жыць больш-менш прыстойна. Калі чалавек не працаваў у той сістэме, якая існавала і працягвае існаваць, то верагоднасць таго, што ён зробіцца бедным, была 30%. Страчваеш працу — усё, ты бедны, у цябе няма сродкаў для існавання.

То бок, поўная занятасць — гэта падмурак той сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва, якая існавала ў Беларусі. Калі ты не можаш гарантаваць поўную занятасць — уся сістэма развальваецца. Трэба штосьці прапанаваць замест гэтага. Калі ты не можаш забяспечыць працу, то забяспеч альбо сацыяльную падтрымку, альбо магчымасць знайсці працу ў недзяржаўным сектары. Але ж трэба, каб гэты сектар для пачатку з’явіўся ці пачаў развівацца больш хутка. Здаецца, гэта той накірунак, у якім будзе зараз пераглядацца беларускі сацыяльны кантракт.

А дзяржава вывучае патрабаванні насельніцтва ці проста прапануе тое, што выгадна ёй?

Дзяржава праз сродкі масавай інфармацыі прапануе людзям розныя месэджы: напрыклад, “карупцыя — гэта кепска і мы будзем з гэтым змагацца”, ці “мы дамо грошы маладым сем’ям, каб яны будавалі кватэры”. На рэакцыю можна паглядзець, як людзі ставяцца да гэтага, як мяняецца рыторыка ў газетах... Узровень падтрымкі насельніцтва — гэта галоўны індыкатар таго, ці задаволеныя людзі тым, што робіць дзяржава.

Што тычыцца працоўных кантрактаў, так званай “кантрактнай сістэмы” — гэта аналагічна сацыяльным кантрактам ці гэта штосьці іншае?


Гэта адзін з асноўных элементаў той формы сацыяльнага кантракту, які існаваў. Менавіта праз гэтыя тэрміновыя кантракты забяспечваліся санкцыі за пратэст. Таму што ў межах тэрміновага кантракту, каб цябе звольніць, трэба проста папярэдзіць за тры тыдні — і ўсё. І ты звальняеш чалавека без усялякіх грошай. Скончыўся кантракт — ты таксама можаш звольніць чалавека з працы.

Калі чалавек робіць нешта, што супярэчыць таму разуменню ўлады, што ён мусіць рабіць, то ён лёгка пазбаўляецца працы. Гэтыя кантракты былі галоўным элементам той сістэмы санкцыяў, якая была адбудаваная, гарантаваннем таго, што санкцыі будуць абавязкова выкананыя.

А якія сацыяльныя кантракты ў іншых краінах?

На Захадзе іншы ўзровень дабротаў, там іншая палітычная канкурэнцыя. Там, я думаю, кантракт больш стабільны. Людзі чакаюць пэўнага ўзроўню, і далей ужо палітыкі канкуруюць за тое, каб гэты ўзровень забяспечыць. Там лаяльнасць — гэта нейкая канстанта. А ў нас лаяльнасць можа скакаць туды-сюды ў залежнасці ад таго, колькі дабротаў ты прапануеш.

Лаяльнасць пенсіянераў да ўлады адваротна прапарцыянальная росту камунальных паслуг

Нам паступіла такое пытанне ад слухача: “На маю думку, сцвярджэнне, што сістэма сацыяльных кантрактаў дала асечку як вынік адмены льготаў, памылковае. У нашым грамадстве па-ранейшым нібыта існуе "сацыяльная згода". Ва ўсіх крызіс, а ў нас — стабільнасць. Магчыма, асечка і наступіць. Калі? Спрагназуйце, калі ласка, сітуацыю, калі будзе магчымай бліжэйшая асечка ў сістэме сацыяльных кантрактаў. Ці гэта непрагназаваная штука?”

Калі дзяржава не здолее забяспечыць людзям дастаткова магчымасцяў выйсця, каб людзі маглі самі пра сябе паклапаціцца, тады і адбудзецца гэтая “асечка”.

Я пагаджуся, што калі напрыканцы 2007 года адмянілі льготы, людзі былі гэтым вельмі незадаволеныя, гэта праўда. Але ж гэтыя льготы займалі настолькі мізэрную долю ў даходах хатніх гаспадарак, 2-3%, што гэта быў такі мізер, які нічога не вызначаў. А вось калі ты пазбаўляешся галоўнай крыніцы сваіх даходаў, заробку, ці пенсіі не растуць, а камунальныя паслугі даражэюць — гэта істотныя рэчы.

З сацыяльным кантрактам, напрыклад, была праблема ў 2002-2003 годзе, калі вельмі хутка падвышаліся тарыфы на камунальныя паслугі і гэта забірала ў людзей вельмі істотную частку грошай.

Калі дзяржава здолее прапанаваць насельніцтву штосьці ўзамен такіх вялікіх стратаў грошай, тады стабільнасць захаваецца.

Сацыяльны кантракт прапісаны для ўсяго грамадства, альбо ён розны для розных групаў? Напрыклад, тое, што задавальняе пенсіянераў, не задаволіць жа студэнтаў?

Так, існуе вельмі істотная розніца па розных сацыяльных групах. Вы слушна заўважылі, што пенсіянеры, яны ўсё ж такі самая задаволеная група. Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў рабіў нядаўна даследаванне... Людзям задавалася два пытанні: што дзяржава мусіць рабіць? (прапанаваўся спіс) і наколькі дзяржава гэта робіць? (той самы спіс). І атрымалася, што найбольшая прорва паміж тым, што дзяржава мусіць рабіць і робіць насамрэч, выявілася сярод тых, хто не працуе: студэнты, хатнія гаспадыні, беспрацоўныя. Даволі істотная незадаволенасць існуе і сярод тых, хто працуе ў арганізацыях і на прадпрыемствах.

Большасць пенсіянераў усё ж такі ў большай ступені задаволеныя тым, што робіць дзяржава ў параўнанні з тым, што яна мусіць рабіць. Праўда, пенсіянеры вельмі чуллівыя да таго, як сябе паводзяць цэны на камунальныя паслугі ў параўнанні з іхняй пенсіяй. Калі яны ўсё больш і больш выдаткоўваюць на камунальныя паслугі, то нават тыя мантры, якія яны чуюць па тэлебачанні і чытаюць у газетах, не дапамагаюць забяспечыць лаяльнасць гэтай групы. Калі назаўтра іхнія пенсіі падымуць, яны ізноў стануць добрымі і пяшчотнымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі