Кліп “Разбітага сэрца пацана” парнаграфіяй не прызналі

Крымінальная справа за распаўсюджанне парнаграфіі ў інтэрнэце была заведзена на салігорскага моладзевага актывіста Андрэя Тычыну. Следчыя знайшлі на яго старонцы "Вконтакте" чатыры ролікі, якія па ранейшых дадзеных былі прызнаныя парнаграфіяй рэспубліканскай экспертнай камісіяй і траплялі пад артыкул 343 частцы 2 Крымінальнага кодэксу.

Па словах самога Тычыны, ён сапраўды некалі кінуў на “сценку” сябра Івана Шылы порна-ролік, але выключна каб пасмяяцца. Астатнія відэа — ролікі-жарты з аголенымі людзьмі ды кліп гурта “Разбітае сэрца пацана” на песню “Wall-е”. Праўда, крыніца блізкая да следства распавяла Еўрарадыё, што эксперты ўсё ж не прызналі кліп сталічных музыкаў парнаграфіяй, таму гэтае відэа па справе не праходзіць.

Нагадаем, Андрэй Тычына трапіў пад пільны нагляд мясцовых праваахоўнікаў пасля шэрагу леташніх акцый у Салігорску, калі па горадзе нехта вывесіў бел-чырвона-белыя сцягі. Ужо тады дома ў актывіста правялі ператрус, але на забранай тэхніцы нічога не знайшлі. А праз некаторы час яго выклікалі, каб азнаёміцца са справай па распаўсюду парнаграфіі. Цяпер хлопцу свеціць ад 2 да 4-х гадоў пазбаўлення волі. Але па словах следчага, які займаецца справай, практыка паказвае, што, улічваючы дробнасць сітуацыі ды першы раз, хутчэй за ўсё абыдзецца ўмоўным пакараннем.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі