Класкоўскі: Апазіцыя шукае “сапраўдных” апазіцыянераў і “не сапраўдных"

Рэгістрацыя Таццяны Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты стане сведчаннем таго, што яна пайшла на здзелку з уладай. Аб гэтым заявіў лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Ён упэўнены, што апроч Лукашэнкі ніхто з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду не сабраў патрэбныя 100 тысяч аўтографаў грамадзян.

Гэтую заяву Еўрарадыё пракаментаваў палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Ён кажа, што такая крытыка недарэчна гучыць, бо ні Калякін, ні Лябедзька свае 100 тысяч подпісаў не сабралі.

Класкоўскі: “Калякін сам сказаў, што каб сабраў 100 тысяч подпісаў, то далей удзельнічаў. То бок тады б ён не пераймаўся тым, што гэта кампанія ідзе па сцэнары ўладаў? На мой погляд, яна апрыёры ідзе па сцэнары ўладаў. Можна сказаць, што і Калякін, і Лябедзька падгулялі ўладам, увязаўшыся ў гульню, не пралічыўшы свае рэсурсы, магчымасці. І цяпер прапаганда будзе казаць, што “вось апазіцыя прадэманстравала, што ніякай падтрымкі ў народзе яна не мае”.

Таксама Аляксандр Класкоўскі заўважыў, што апазіцыя пачала ўлюблёную гульню ў пошук ворагаў і выкрыццё “сапраўдных” апазіцыянераў і “не сапраўдных”. Палітычны аглядальнік падкрэслівае, што з апазіцыі ніхто не кажа чамусьці, што яна не дамовілася пра выбар адзінага кандыдата.

“Апазіцыя праваліла ўсё, што можна, а цяпер кідаецца камякамі бруду. Брыдка глядзець”, − кажа Класкоўскі.

Між тым, Таццяна Караткевіч заявіла БелаПАН, што і Сяргей Калякін, і Анатоль Лябедзька правялі “вельмі добрыя кампаніі”.

Калі б яны аб'ядналіся і ад альянсу Талака вылучылі аднаго кандыдата, у іх, хутчэй за ўсё, была б магчымасць назбіраць 100 тысяч подпісаў, — лічыць прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. 

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі