Кіраўніком Кубы стаў чалавек не з сям'і Кастра
На пасаду старшыні Дзяржаўнага савета Кубы абраны Мігель Дыяс-Канель, перадаюць інфармагенцтвы. Яго выбары адбыліся на безальтэрнатыўнай аснове. За кандыдатуру Дыяс-Канеля прагаласавалі 603 з 604 дэпутатаў.
Яго папярэднікам на гэтай пасадзе быў 86-гадовы Рауль Кастра: ён быў старшынёй Дзяржсавета Кубы з 2008 года.
Мігель Дыяс-Канель быў першым намеснікам старшыні Дзяржсавета.
Паводле кубінскага заканадаўства, кіраўнік Дзяржсавета з'яўляецца адначасова кіраўніком Савета міністраў і лічыцца кіраўніком кубінскай дзяржавы. Выбары кіраўніка Дзяржсавету адбываюцца кожныя пяць гадоў.