Кіраўнік Hoster.by: прырост у нацыянальнай даменнай зоне ў жніўні — мінус 350%

Кіраўнік Hoster.by: прырост у нацыянальнай даменнай зоне ў жніўні — мінус 350%

Кіраўнік кампаніі Hoster.by Сяргей Павалішаў прагназуе, што да канца 2020 года Беларусь адкаціцца ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў на пяць гадоў назад. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку. 

"Калі сцісла, то прырост у нацыянальнай даменнай зоне ў жніўні — мінус 350% у параўнанні з сярэднім лікам рэгістрацый у месяц. Як сябе адчувае Байнэт? За ўвесь час працы ў гэтай сферы я не памятаю такіх лічбаў", — адзначае спецыяліст.

Ён адзначае, што IT-кампаніі згортваюць бізнэс у Беларусі, а людзі не пачуваюцца ў бяспецы па-за межамі кватэры. "Гэта катастрофа. Гэта факты, а не меркаванне, і нейтральнага стаўлення да гэтага быць не можа", — заяўляе Павалішаў.

Па яго словах, сёлета кампанія адмяніла правядзення форуму па па кіраванні інтэрнэтам Belarus IGF 2020. "Прычына — мы не бачым гатоўнасці да дыялогу і не можам гарантаваць бяспеку ўдзельнікаў. Па вялікім рахунку, мы нават наяўнасць інтэрнэту гарантаваць не можам, каб правесці Форум онлайн", — тлумачыць ён. Павалішаў падкрэслівае, што для форуму галоўнае — дыялог, а беларускія ўлады проста перасталі слухаць апанентаў. 

"Нарэшце, улічваючы глыбіню крызісу ў краіне, лічым абмеркаванне развіцця інтэрнэту ў такі час папросту неэтычным", — канстатуе ён.

Кіраўнік Hoster.by падкрэслівае, што для іх кампаніі пераезд у іншую краіну немагчымы, бо кампанія з'яўляецца тэхнічным адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны. "І хоць у дні адключэння інтэрнэту мы недаатрымлівалі да 50% выручкі, нам папросту няма куды з'язджаць, бо Байнэт з сабой не забярэш. Падтрыманне яго працы з'яўляецца нашым прамым абавязкам" як тэхнічнага адміністратара нацыянальнай даменнай зоны. Плюс, у нас 150 000 беларускіх кліентаў. Як ад Стэлы да Палаца спорту. Гэта шмат", — іранізуе ён.

На рынку хостынгу да канца 2020 года Павалішаў прагназуе скарачэнне на 20%. "Гэта вельмі шмат, IT-краіна адкочваецца назад мінімум на 5 гадоў. Думаю, што толькі для буйных правайдараў падзенне попыту не будзе катастрафічным", — дадае спецыяліст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі