Кіраўніцтва шклозаводу "Нёман" пайшло на часовыя саступкі рабочым

Як ужо паведамляла Еўрарадыё ў лістападзе 2009 года кіраўніцтва бярозаўскага шклозаводу "Нёман" вырашыла павялічыць нормы выпрацоўкі для рабочых на 20%, а на некаторыя віды прадукцыі - да 50%.

Пры гэтым новаўвядзенні рабіліся з парушэннем Працоўнага кодэкса. Тады
больш за тысячу рабочых падпісалі зварот да міністра архітэктуры і
будаўніцтва Аляксандра Селязнёва з просьбай разабрацца ў складанай
сітуацыі на "Нёмане". Больш за тое, у выпадку калі б нічога на заводзе
не змянілася, рабочыя былі гатовыя пайсці на страйк.

Пасля звароту да міністра, кіраўніцтва прадпрыемства адмовілася ад
сваёй задумы павялічыць нормы выпрацоўкі на 20%. Аднак з 2-га студзеня
2010 зноў нормы ўсё ж павышаюцца ў сярэднім на 5%.

“Большасць рабочых не спадзяецца на паляпшэнне сітуацыі, і да такіх
"паўмераў" ставяцца скептычна. Здавалася б, абяцалі не павышаць нормы,
нават прадстаўнікі федэрацыі прафсаюзаў мелі непрыемную размову з
кіраўніцтвам завода на гэты конт, але не паспелі з'ехаць праверкі, як
тут жа нормы паднялі. Я лічу, што гэтае павышэнне нормаў выпрацоўкі
толькі пачатак і яны далей будуць павышацца” — сказаў Еўрарадыё рабочы
заводу Сяргей Трафімчык.