Хто такі "Вараг", якога звольнілі з палка Каліноўскага?

19 жніўня полк Каліноўскага заявіў, што камандзір батальёна "Тэрор" з пазыўным "Вараг" звольнены з падраздзялення і ўвогуле з Узброеных сіл Украіны. Частка байцоў (па некаторых звестках, каля 60 чалавек) не пагадзіліся з гэтым і іх "адасобілі ад палка з захаваннем за сабой назвы падраздзялення "Тэрор".

Як піша Радыё Свабода, Алегу Васільеву 35 гадоў. Ён — ураджэнец Баранавічаў. Ва Украіне жыве з 2019 года. Да таго на радзіме працаваў індывідуальным прадпрымальнікам, вазіў тавары з Польшчы і краін Балтыі. У маладосці Васільеў правёў у папраўчай калоніі 2 гады і 8 месяцаў — быў асуджаны за "наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання".

"Варага" звязваюць з ураджэнцам Беларусі, былым неанацыстам Сяргеем Кароткіх ("Боцманам"), які ваяваў за Украіну з 2014-га ў "Азове" і атрымаў украінскае грамадзянства. У батальёне (будучым палку) ён з'явіўся толькі ў красавіку, праводзіў для навабранцаў заняткі па тактыцы. У канцы вясны, калі ў складзе палка стварыўся батальён "Тэрор", "Вараг" стаў яго камандзрам.

Каліноўцы расказваюць, што ў чэрвені "Вараг" збіў аднаго з камандзіраў палка. Шмат байцоў патрабавалі расследавання таго інцыдэнту і нават адстаўкі камбата, але ён ад пасады не хацеў адмаўляцца. Мяркуецца, што цяперашнія падзеі — рэха таго, што адбылося ў пачатку лета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.