Казулін чытае кнігі, а Статкевіч цягае штангу

Навіной апошніх тыдняў стала паведамленне, што зняволены калоніі “Віцьба-3” Аляксандр Казулін цалкам паправіў сваё здароўе. Ён так добра сябе адчувае, што нават гуляе з іншымі вязнямі ў футбол. Карэспандэнт “Еўрапейскага радыё” вырашыў высвятліць, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці.
Па ўдакладненні звярнуліся да Ірыны Казулінай. 17 траўня яна наведвала мужа ў калоніі, дзе ён адбывае пакаранне.

Ірына Казуліна: “Ён казаў, што паспрабаваў адзін раз, але яму баліць нага, баліць спіна. Гуляць у футбол яму здароўе не дазваляе”.

Абвергла жонка палітвязня і чуткі, што экс-кандыдат у прэзідэнты цалкам паправіў сваё здароўе пасля галадоўкі.

Ірына Казуліна: “Са здароўем у яго не вельмі, але ў параўнанні з галадоўкай – зусім іншая справа. Для таго каб аднавіць і давесці сваё здароўе да лепшага, там проста не хапае харчавання”.

Не маючы магчымасці займацца спортам, Аляксандр Казулін прысвячае вольны час кнігам і стварае ў сваім атрадзе бібліятэку.

Ірына Казуліна: “Зараз мы завезлі яму 202 кнігі. Гэтыя кнігі некалі збірала рэдакцыя газеты “Белорусы и рынок” для палітвязня Леванеўскага. Але пакуль яны збіралі, Леванеўскі выйшаў з калоніі і кнігі ляжалі і чакалі свайго часу, і вось іх час настаў, і яны паехалі да Казуліна ў калонію”.

Тэматыка кніг розная — ад класічнай літаратуры і дэтэктываў да падручнікаў па эканоміцы і даведнікаў па паліталогіі. Такім чынам, чуткі пра Казуліна-футбаліста апынуліся далёкімі ад рэчаіснасці. Усё, на што хапае палітвязня, гэта чытаць кнігі, слухаць, як спяваюць птушкі, сартаваць прывезеную літаратуру і пісаць самому. Пра што піша Александр Казулін, яго жонка не ведае, а сам ён сумняецца, што яму дазволяць забраць напісанае з сабой пасля вызвалення.

Ірына Казуліна: “Піша. Але невядома, ці дадуць яму вынесці гэта”.

Ці ёсць чым заняць сябе ў вольны час, расказаў “Еўрапейскаму радыё” яшчэ адзін палітвязень — Мікалай Статкевіч. Зараз ён знаходзіцца на вольным пасяленні ў вёсцы, што ў 5 кіламетрах ад Мар’інай Горкі.

Мікалай Статкевіч: “Я чытаю самую розную літаратуру. У асноўным гэта кніжкі па эканоміцы, кніжкі, звязаныя з палітыкай, з культурай. Зараз у мяне на стале перад вачыма ляжыць часопіс “Дзеяслоў”, падручнікі па англійскай мове. Акрамя таго, я хаджу ў трэнажорную залу. Тры разы на тыдзень, па вечарах”.

Сяргей Скрабец вольны час у няволі падзяліў на два перыяды: калі ён сядзеў у Брэсцкай турме і калі быў “на зоне” “Віцьба-3”.

Сяргей Скрабец
: “У Брэсце ў турме была такая камера, што там можна было толькі стаяць альбо сядзець. Ляжаць забаранялі, таму там чыталі і гулялі ў шахматы”.

За час у турме Сяргей Скрабец перачытаў усяго Курта Ванегута, Чэхава, Маркеса і шмат літаратуры па эзатэрыцы. Гуляць у шахматы на зоне, кажа ён, не было з кім – вартых сапернікаў не знаходзілася. Пакуль не прыехаў Казулін.

Сяргей Скрабец: “Казулін выдатна гуляе ў шахматы, і з ім вельмі цяжка змагацца. Ён нават першае месца на зоне заняў”.

У адрозненне ад турмы, у калоніі зняволены меў магчымасць актыўна бавіць вольны час.

Сяргей Скрабец: “На зоне лепш, чым у турме, можна вольны час праводзіць, бо там можна было гуляць у настольны тэніс, у футбол кожны дзень, валейбол, баскетбол. Мы так дамаўляліся з кіраўніцтвам зоны, яно ішло нам насустрач. Была ў нас свая каманда. Мы сустракаліся з камандамі другіх сектараў зоны. Але ў нас была слабейшая за іх – мы ўвесь час прайгравалі”.

Падчас гаворкі ўсе суразмоўцы “Еўрарадыё” прыходзілі да высновы, што пры ўсім спрыянні адміністрацыі, лепш бавіць вольны час на волі.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі