Католікі сустрэлі свята Божага Нараджэння

Католікі сустрэлі свята Божага Нараджэння

Католікі разам з уніятамі і пратэстантамі адзначаюць адно з найважнейшых хрысціянскіх святаў — Раство. Урачыстасці з гэтай нагоды прысвечаныя нараджэнню Паннай Марыяй божага сына, Ісуса Хрыста. Паводле Евангелля, Ісус нарадзіўся ў Віфлееме, у пячоры, якую выкарыстоўвалі ў якасці хлява для быдла. Анёл прынёс вестку аб нараджэнні божага сына пастухам, і яны прыйшлі пакланіцца немаўляці. У тую ж ноч на небе запалілася Віфлеемская зорка, якая і прывяла да Марыі і Язэпа валхвоў.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да каталіцкіх вернікаў з пасланнем з нагоды свята Божага Нараджэння. Кіраўнік касцёлу ў Беларусі адзначыў, што сучасны свет” усё больш і больш акунаецца ў розныя крызісы, ліхаманкава шукае выйсця з іх і, абапіраючыся толькі на свае чалавечыя сілы і магчымасці, не можа знайсці”.

На думку Кандрусевіча, прычыну ўсіх крызісаў трэба шукаць у “маральным крызісе, які завалодаў чалавецтвам, а выйсце — у Божай дапамозе”. Асабліва ён адзначыў крызіс сям’і, пры якім “разводы становяцца нормай”, а само паняцце сям’і змяняецца. Лідар беларускіх католікаў выступіў з асуджэннем легалізацыі аднаполых шлюбаў, якая адбылася ў многіх краінах Еўрасаюза.

“Самы вялікі Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця, дэвальвуецца. Яно становіцца таварам, які можна набыць і прадаць. Выкарыстоўваючы самыя новыя дасягненні генетыкі, ім можна маніпуляваць. Распаўсюджваецца практыка абортаў, што з’яўляецца забіццём ненароджанага жыцця. Аборт — гэта акт агрэсіі супраць бездапаможнай і безабароннай чалавечай істоты. Ён вядзе да пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі з яе наступствамі, у тым ліку да міграцыйнага працэсу, які ў Заходняй Еўропе перарадзіўся ў вялікі крызіс. З аднаго боку, міграцыя выклікана сітуацыяй у Сірыі, на Блізкім Усходе і ў некаторых краінах Азіі. Але з іншага, Еўропа патрабуе гэтай міграцыі. Гэта наступства дэмаграфічнага крызісу: стары кантынент старэе і патрабуе новых рук для працы. Еўропа, паводле слоў папы Францішка, стала няплоднай бабуляй”, — лічыць Тадэвуш Кандрусевіч.  

Пры гэтым ён адзначыў, што касцёл выступае за адмену смяротнага пакарання.

“Касцёл цвёрда стаіць на прынцыпах абароны жыцця і таму ў сваім вучэнні выказваецца за забарону смяротнага пакарання. Жыццё — гэта самы вялікі і каштоўны Божы дар. Бог даў, і ніхто не мае права яго адабраць. Вядома, што кожнае злачынства, асабліва забойства, — гэта зло, бо ніхто не верне жыцця. Аднак, у наш час існуе дастаткова метадаў абясшкодзіць злачынца так, каб ён нікому не мог прычыніць зла і адбываў пажыццёвае зняволенне. Устрыманне ад смяротнай кары адпавядае годнасці чалавечай асобы, умовам агульнага дабра і з’яўляецца выразам павагі да права кожнага чалавека на жыццё”, — заяўляе кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі