Кастусёў перадаў у Адміністрацыю прэзідэнта план па ўмацаванні патрыятызму

Кастусёў перадаў у Адміністрацыю прэзідэнта план па ўмацаванні патрыятызму

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 28 лістапада сустракаўся з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэем Кунцэвічам. Кастусёў перадаў у кіраўніцтва краіны план дзеянняў на 2020 год па ўмацаванні патрыятызму і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Падрыхтавалі гэты дакумент арганізацыі грамадзянскай супольнасці. 

"Большасць нашых прапаноў звязаная з актыўнасцю той каманды, якая рабіла свята на стагоддзе БНР. Мы грунтуемся на тым папярэднім досведзе, але план ахоплівае увесь год — і Дзень роднай мовы 21 лютага, і свята незалежнасці — 25 Сакавіка, і юбілей абвяшчэння Дэкларацыі пра дзяржаўны суверэнітэт, і стагоддзе Слуцкага збройнага чыну, і шмат што іншае. Некаторыя з гэтых мерапрыемстваў грамадзянская супольнасць гатовая рабіць без дзяржаўнай дапамогі, але трэба, каб дзяржава ім не перашкаджала. А для многіх амбітных рэчаў патрабуецца садзейнічанне мясцовых уладаў", — падзяліўся падрабязнасцямі Кастусёў. 

Кіраўнік апазіцыйнай партыі разлічвае, што ўлады станоўча адрэагуюць на пададзены дакумент. Ён згадвае, што на 2018 год такі план быў складзены на шасці старонках, і траціну з яго атрымалася выканаць. Цяпер план займае дзесяць старонак. "І калі атрымаецца зрабіць траціну з яго, то гэта будзе выдатнае дасягненне", — лічыць Кастусёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі