Каранавірус знайшлі на прадпрыемстве, якое робіць матэрыял для медыцынскіх масак

Каранавірус знайшлі на прадпрыемстве, якое робіць матэрыял для медыцынскіх масак

Каранавірусам заразіўся 59-гадовы супрацоўнік прадпрыемства "Светлагорск-Хімвалакно", дзе выпускаюць матэрыялы для медыцынскіх масак, перадае Радыё "Свабода". 

Яго калегі кажуць, што некалькі дзён таму мужчына адчуў недамаганне, і яго паклалі ў шпіталь. Там зрабілі тэст на каранавірус. 8 красавіка стала вядома, што ён даў станоўчы вынік. Хворага адправілі ў Гомель. 

Пад нагляд медыкі ўзялі кантакты першага ўзроўню — гэта дзевяць чалавек, якія ўваходзяць у брыгаду хворага. Месца іх працы апрацавалі антысептыкамі. Таксама дактары назіраюць і за кантактамі другога ўзроўню.

У адміністрацыі прадпрыемства вырашаюць, як мінімізаваць рызыку распаўсюду віруса, не перашкодзіўшы працы завода. Магчыма, частку людзей адправяць у адпачынак.

На прадпрыемстве кажуць, што спыніць вытворчасць цяпер не могуць, бо попыт на іх прадукцыю рэзка павысіўся. На заводзе выпускаюць спанбел і акваспан, з якіх робяць аднаразовыя маскі, бахілы і халаты.

Дарэчы, сам хворы мужчына, як паведамляецца, за мяжой не быў. Аднак нядаўна з адпачынку вярнуўся ягоны сын.

Згодна з афіцыйнымі звесткамі на сёння ў Беларусі зарэгістравана 1066 выпадкаў каранавіруса. У Гомельскай вобласці шпіталізаваныя 32 чалавекі, 1 выпісаны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі