"Калі савецкае войска ўварвалася ва Украіну і Нямеччыну, то і ў Беларусь!"

Цалкам размову з Юрыем Раманенкам можна паслухаць:
 
Падчас інтэрв’ю нямецкаму тэлеканалу ARD прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк абвінавачвае СССР ва… ўварванні ва Украіну і Нямеччыну. Дакладна фраза гучала так: “Мы ўсе добра памятаем савецкае ўварванне ва Украіну і ў Нямеччыну. Гэтага трэба пазбегнуць. Ні ў каго няма права перапісваць вынікі Другой сусветнай вайны”. Хто перапісвае вынікі вайны і з якой мэтай, размаўляем з украінскім палітолагам, дырэктарам  кіеўскага Цэнтра палітычнага аналізу “Стратагема”, шэф-рэдактарам аналітычнага партала “Хвіля” Юрыем Раманенкам.
 
Еўрарадыё: Калі працягнуць думку Яцанюка, то вынікае, што савецкае ўварванне адбылося не толькі ва Украіну і Нямеччыну, але і ў Беларусь? Ці гэта Беларусь у складзе савецкіх войск урывалася ва Украіну?
 
Юрый Раманенка: Як жыдабандэравец і адэпт кіеўскай хунты, я прыму тую версію, што на Беларусь, хутчэй за ўсё, таксама здзейсніў напад Савецкі Саюз. Калі ўжо рэвізіяніраваць гісторыю Другой сусветнай вайны, то рабіць гэта ў жорсткай і радыкальнай форме, якую нам вызначыў прэм’ер Арсеній Пятровіч Яцанюк.
 
Еўрарадыё: Адкуль увогуле такое новае бачанне гісторыі вайны ўзялося? Магчыма, у экспертным асяродку ці асяродку апантаных украінскіх нацыяналістаў распаўсюджанае менавіта такое бачанне Другой сусветнай вайны?
 
Юрый Раманенка: Пытанне да Яцанюка, які нарадзіў гэты перл. Бо казаць пра тое, што ва Украіне на нейкіх бандэраўскіх шарашках вядуць даследаванні адносна таго, як змяніць гісторыю Другой сусветнай вайны, я б не стаў. Не, нейкая дыскусія ідзе, але яна не адрозніваецца ад той дыскусіі, якая ідзе ў Польшчы ці недзе яшчэ ў Еўропе. Таму, гэта, найхутчэй, экспромт Арсенія Пятровіча, які тым не менш, калі яго ўзяць у сістэмныя дужкі, можа даць буйныя вынікі.
 
На самай справе, Украіне выгадная рэвізія вынікаў Другой сусветнай вайны. Патлумачу логіку: Пуцін, па вялікім рахунку, галоўны рэвізіянер вынікаў Другой сусветнай вайны і вынікаў эвалюцыі, дэфармацыі “ялцінскай сістэмы”, якая з’явілася па выніках Другой сусветнай вайны. Калі ён анексіраваў Крым і запусціў перадзел сфер уплыву на пост-саўке. А адным з галоўных вынікаў Другой сусветнай вайны было стварэнне ААН і замацаванне спачатку за СССР, а потым – за Расіяй права вета ў Саўбезе ААН. Што і прывяло ААН да таго нікчэмнага існавання, у якім гэта арганізацыя знаходзіцца апошнія дзесяцігоддзі. Бо права вета не дазваляе прымаць тыя прынцыповыя рашэнні, якія павінна прымаць гэтая арганізацыя. І з гэтага пункту гледжання Украіна ўсімі сіламі павінна падтрымліваць ідэю, што Саўбез ААН мусіць быць зменены, як і сама ААН, а гэты рудымент Другой сусветнай вайны – альбо відазмяніўся, альбо знік. І каб з’явілася іншая арганізацыя, якая б займалася рэгуляваннем сусветнай сістэмы, яе кіраваннем, забяспечвала легітымнасць прынятых рашэнняў. Бо існуючы ў Саўбезе ААН баланс сіл і магчымасці, якія ёсць у пастаянных сяброў ААН, не адлюстроўваюць тыя тэктанічныя змены, якія адбыліся ў свеце за апошнія некалькі дзесяткаў гадоў. 
 
                                 Юрый Раманенка
 
З гэтага пункту гледжання Яцанюк правы і нам такая рэвізія патрэбная. Украіне, як і Беларусі, было б выгадна, каб захаваўся існуючы статус-кво ў тэрытарыяльнай сферы. І каб такіх зменаў не адбывалася. Іншая справа, як разыгрываць гэтую тэму? Пуцін разыгрывае яе так, як мы гэта бачым ва Украіне, што выклікае непрыняцце ў ключавых гульцоў сусветнай сістэмы. Мы можам разыгрываць трапляючы ў кантэкст іх інтарэсаў і трапляючы ў кантэкст тых настрояў і змен, якія фарміруюць неабходнасць змен у кіраванні глабальнай сістэмай. 
 
Еўрарадыё: Сумнеўна, што такой фразай прэм’ера Украіна трапляе ў гэты кантэкст…
 
Юрый Раманенка: Нехта ў каментах на маёй старонцы прыгадаў, як у 2005 годзе Яцанюк на сустрэчы з інвестарамі выдаў фразу: “Карупцыйны складнік з’яўляецца адным з важнейшых элементаў, якія дазваляюць інвестарам дасягнуць звышпрыбыткаў ва Украіне”. Я веру ў гэтую гісторыю, бо нашы палітыкі вельмі часта не разумеюць тое, што яны кажуць. Спрабуючы свае прымітыўныя, правінцыйныя ўяўленні аб свеце запакаваць у кантэкст іх надзённых інтарэсаў і ў кантэкст існуючай палітыкі, каб дабіцца нейкіх выгод. А ў выніку адбываецца нараджэнне такіх вось перлаў, якія патрасаюць сусветную сістэму. Я сёння даў такую фармулёўку: “Украінец – гэта хаос і любоў да грошай”. Арсеній Яцанюк, які ўварваўся ў еўрапейскую палітыку і ўнёс туды хаос лёгкім рухам сваіх вуснаў, цяпер павінен гэта канвертаваць у канкрэтнае атрыманне крэдытаў. Якія неабходныя Украіне, каб выстаяць у гэтых складаных умовах. І мы павінны шантажыраваць Захад і нашых суседзяў тым, што мы не будзем прадуцыраваць хаос у абмен на матэрыяльныя рэсурсы. Гэта цынічна, але чаму б і не? Калі гэта наша прырода, то трэба выкарыстоўваць нашу буйную натуру для дасягнення невялікіх прагматычных мэтаў. 
 
                                     Арсеній Яцанюк
 
Еўрарадыё: Інтэрв’ю было нямецкаму тэлебачанню і наўпрост тычылася Нямеччыны: ці вымушаная будзе канцлер гэтай краіны Ангела Меркель неяк каментаваць словы ўкраінскага прэм’ера?
 
Юрый Раманенка: Яцанюк узняў такі пласт праблем, пра якія ён і не падазраваў, я так думаю. А ўлічваючы, што ў гэтую справу ўпрэглася Расія, якая зараз на ўсіх каналах вые пра пракляты бандэраўскі рэвізіянізм, то, мяркую, Меркель нейкім чынам давядзецца карэктаваць пазіцыю. Яна скарэктуе і скажа нешта такое пра талерантнасць, паліткарэктнасць і неабходнасць шанаваць гістарычныя ўрокі. Ёсць набор прыёмаў, якія дазваляюць Меркель выйсці з гэтай сітуацыі. Але калі Яцанюк не супакоіцца і працягне дасылаць мэсэджы ў гэтым накірунку, то Меркель апынецца ў цяжкім становішчы. 
 
Еўрарадыё: Прыняць такі мэсэдж Яцанюка не можа Нямеччына, ён абурыў Расію. Ці магчымае збліжэнне гэтых краін не глебе агульнага непрыняцця прапанаванай украінскім прэм’ерам версіі мінулай вайны? 
 
Юрый Раманенка: Збліжэнне суб’ектаў адбываецца на падставе пэўных інтарэсаў, а не на падставе нейкіх заяў пра рэвізіянізм. За якім, праўда, таксама могуць хавацца інтарэсы. Але ў дадзеным кантэксце я не думаю, што заява Яцанюка прывядзе да нейкіх геапалітычных зрухаў у Еўропе, у свеце і гэта пацягне за сабой перадзел палітычнай мапы свету. Трэба ўспрымаць гэтую заяву як чарговае ўкраінскае глупства, якое выбухнула ў глабальным кантэксце і ў пэўны момант усіх павесяліла. У Нямеччыны і Расіі ёсць доўгатэрміновыя інтарэсы, і зараз Нямеччына разрываецца паміж Трансатлантыкай, тымі варыянтамі, якія прапаноўваюць Штаты, і тымі ўсходнімі інтарэсамі, якія заўжды былі і будуць. Але, улічваючы, якую пазіцыю заняла Меркель у канцы восені мінулага года, то мяркую, што Нямеччына ідзе ў кільватары Штатаў. У пэўны момант Нямеччына паспрабавала згуляць сваю гульню, але з-за вельмі няўдалых хадоў Пуціна гэтая гульня апынулася пад пытаннем. І таму зараз не стаіць пытанне так, што Расія і Нямеччына заключаць нейкі саюз – ужо не.
 
Еўрарадыё: Тэма Другой сусветнай вайны, ролі беларускага народа ў перамозе над фашысцкай Нямеччынай – любімая ў Аляксандра Лукашэнкі. Ці не пагоршыць гэта заява Яцанюка адносіны паміж афіцыйным Мінскам і Кіевам?
 
Юрый Раманенка: Не думаю. Лукашэнка з’яўляецца жывым увасабленнем рэал-палітык. Ён плыве туды, дзе глыбей, і шукае магчымасці ва ўмовах, калі тая мадэль, якая дазваляла яму хоць неяк жыць і квітнець, знікла. Лукашэнка гэта зразумеў і таму гуляе на апераджэнне, спрабуючы іграць асаблівую ролю ва ўкраінскім крызісе, наладзіць адносіны з захадам. Ён разумее, што магчымасці неабмежаванага доступу да рэсурсаў расійскай эканомікі і Расіі закончыліся, далей будзе толькі горш. Той суб’ект, які мае абмежаваны набор тавараў, якія могуць прадавацца на знешнім рынку, і моцна залежыць ад іншага суб’екта, Расіі, ён рызыкуе проста рассыпацца ў свеце вялікіх і пагрозлівых падзей, якія мы назіраем. І таму Лукашэнка спрабуе мінімізаваць рызыкі, каб застацца пад сонцам, каб Беларусь засталася пад сонцам. Такія дробязі, як заява Яцанюка, нічога не вызначаюць у адносінах Украіны і Беларусі. 
 
Увогуле, тэма Другой сусветнай вайны на самай справе паказвае абсалютную ідэалагічную беззмястоўнасць усіх гэтых постсавецкіх рэжымаў. Бо, не маючы здольнасці фарміраваць уласныя ўстойлівыя ідэалогіі, прывязаныя да рэалій, яны вымушаныя выкарыстоўваць тэмы мінулага, бо не могуць прад’явіць нейкія сур’ёзныя поспехі ў сучаснасці. Але кіраваць людзьмі ўсё складаней, апелюючы выключна да тых поспехаў, якіх дасягнулі нашы продкі больш за 70 гадоў таму. Таму гэта сітуацыя будзе змяняцца. І як гэта ні парадаксальна, але гістарычны ляп Яцанюка прагучаў у патрэбны час і ў патрэбным месцы. І з’яўляецца адлюстраваннем тых зменаў, якія адбываюцца на постсавецкай прасторы і ў свеце.
 
Еўрарадыё: Днямі расійскі палітолаг Глеб Паўлоўскі выказаў меркаванне, што для Расіі лепш мець канкрэтнага ворага, чым сябра, у якім няма ўпэўненасці. І таму, маўляў, з Беларусі следам за Украінай расійская прапаганда будзе такога ворага ляпіць, а з Лукашэнкі – беларускага Бандэру…
 
Юрый Раманенка: Гэта залежыць ад таго, якую пазіцыю будзе займаць Лукашэнка ў кантэксце крызісу ў самой Расіі, кантэксце яе пазіцыі па ўкраінскім крызісе і ў кантэксце адносінаў Расіі з Захадам. Думаю, што ў Расіі засталося не так шмат часу, каб разгарнуць такі дыскурс. Праблема Пуціна ў тым, што ў яго, па вялікім рахунку, практычна няма саюзнікаў. Рабіць з Беларусі ворага на пустым месцы было б верхам глупства. Хаця мы шмат глупстваў убачылі з боку расіян у мінулым годзе. Але калі гэта адбудзецца, то канчаткова паставіць крыж на хоць нейкіх перспектывах Расіі. Гэта самазабойства. Але ўсё, што яны робяць, – гэта самае грандыёзнае самазабойства ў гісторыі чалавецтва. 

Фота: kvedomosti.com www.politnavigator.net glavpost.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі