“Каб не напівацца, я папрасіў пазбавіць сябе заробку”

Суды загадваюць пераводзіць заробкі алкаголікаў іх жонкам і матулям. Еўрарадыё знайшло ўнікальнага выпіваку, які сам звярнуўся да праваахоўнікаў з такой прапановай Беларускія суды ў мінулым годзе пацвердзілі недзеяздольнасць больш як паўтысячы чалавек з-за іх п’янства.

"Абагульненне праводзілася па справах 2008 года, ёсць вынікі", — пацвердзіла гэтую інфармацыю Еўрарадыё крыніца ў Генпракуратуры.

Дакладная колькасць такіх алкаголікаў — 539 чалавек. Паводле дадзеных Генпракуратуры, пасля гэтага 124 выпівакі кінулі піць. Праўда, якім чынам праверылі іх вяртанне да цвярозага жыцця, не зразумела.  

Еўрарадыё датэлефанавалася да некалькіх сем’яў, дзе заробак выпівакі суд пастанавіў перавесці блізкаму сваяку — жонцы, матулі ці бацьку.
 
“Я не памятаю, калі ў рот браў, а наш сын выпівае, — жаліцца Павел Антонавіч з вёскі Падлясейкі Баранавіцкага раёну. —  Ён сам папрасіў, каб мая жонка, яго маці, за яго атрымоўвала заробак”.

Сыну Мікалаю 40 гадоў, у мясцовым калгасе ён працуе паляводам, зарабляе да 300 тысяч рублёў у месяц. Жонкі і дзяцей у Мікалая няма. Каб не спакушацца на алкаголь, ён сам звярнуўся да ўчастковага з просьбай пазбавіць сябе заробку.

Мікалай: “Шчыра кажучы, я сам папрасіў, каб маці за мяне атрымоўвала грошы. Каб я іх не прапіваў. Ну, здараецца ж з кожным мужыком, ты ж сам разумееш. Я і сам, Данік, магу і закадзіравацца, і не піць, але...я не хачу. Таму што сам сябе ведаю, у любы момант магу сябе спыніць”.

Хоць аддаваць заробак матулі — мера і дзейсная, бацька сямейства Павел Антонавіч бачыць праблему ў недасканалых дзяржаўных законах.

Павел Антонавіч: “У Беларусі замест таго, каб забараніць прадаваць моцнаалкагольныя напоі, дазваляюць. Чаму гэтым ніхто не займаецца, ні дэпутаты, ніхто. З малых гадоў пачынаем знішчаць моладзь. У школах хлапчукі прыносяць самагонку, п’юць. І нікому нічога не патрэбна. Гэта ж развал у сям’і, забойствы, рабаванні”.

Баранавіцкі раён у лідэрах па барацьбе з алкагалізмам. Гэта тут алкаголікаў, чые дзеці знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах, збіраюць спецыяльным транспартам і прымусова вязуць на працу. А за 2008-2009 гады ў 12 сем’ях заробкі мужчын-жлуктаў пастанавілі выплочваць камусьці з блізкіх сваякоў.

Баранавіцкі змагар з п’янствам афіцэр Буйвіч расказаў Еўрарадыё пра тое, як выяўляюць сем’і алкаголікаў і чаму заробкі мужыкоў-выпівак не заўсёды могуць выплочваць іх жонкам.

Афіцэр Буйвіч: “Праца праводзіцца. Рэч у тым, што па дастаўцы ў наркалогію, у ЛТП мы ідзем у лідэрах па вобласці. Па чацвяргах выяўляем праблемныя сем’і, суправаджаем сацыяльных працаўнікоў, наведваем гэтыя сем’і. Абмежаванне дзеяздольнасці — дзейсная мера. Але ёсць праблема: большасць асобаў, якім можна абмежаваць дзеяздольнасць, жывуць з сужыцелямі, не афармляюць афіцыйных адносінаў. Часта выплочваць заробак папросту няма каму”.

Віцебскіх алкаголікаў улады закадзіравалі Сайковым
Мінскім алкаголікам раздалі кефір і з аркестрам адправілі іх у ЛТП
Нядбайныя бацькі патрабуюць ад міліцыі транспарт, каб дабрацца на працу




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі