Іофе: Лукашэнка шчыра адказаў, чаму назваў Барозу “казлом”

Еўрарадыё: Наколькі я ведаю, вы вырашылі напісаць кнігу пра Лукашэнку...

Рыгор Іофе: Так. І планавалася, што гэтая кніга будзе прысвечаная выключна яму, але зараз бачна, што гэта будзе, так бы мовіць, партрэт у інтэр’еры. Вось Эндру Уільсан выдаў сваю выдатную кнігу, дзе ён двойчы піша, што Лукашэнка “не з’явіўся ніадкуль”. Але ён не “бярэ след”. А я хачу паказаць, што Аляксандр Рыгоравіч шмат у чым сугучны пэўнай частцы народных мас, яе ментальнасці, мысленню. Ён сапраўды не вылез, як чорт з табакеркі — ён з’яўляецца адлюстраваннем шмат якіх рыс пэўнай часткі беларускага народа.

Еўрарадыё: Пра Лукашэнку ўжо напісана дастаткова кніг — навошта гэта вам? Вам яе замовілі?

Рыгор Іофе: Не. Часам адно чапляецца за іншае і так атрымліваецца... Я займаюся Беларуссю з пачатку стагоддзя, мая першая публікацыя па Беларусі выйшла ў 2003 годзе. А ў 2008 годзе я надрукаваў вялікую кнігу пра Беларусь. І стаў вядомы ў тых колах, якія займаюцца Беларуссю. І ў снежні 2010 года мяне ў складзе групы з 8 амерыканскіх экспертаў запрасілі ў Беларусь. І за 5 дзён да ўсім вядомага 19 снежня, 14 снежня, мы сустракаліся з Аляксандрам Рыгоравічам. Ведаеце, усё ішло да таго, што ўсё завершыцца трыумфальна — і выбары завершацца, і ўсё будзе нармальна. Падчас нашай сустрэчы нічога не прадвяшчала таго, што потым адбылося. І падчас сустрэчы я проста, практычна спантанна, спытаў у яго: “Я хачу напісаць пра вас кнігу — вы мне дасце інтэрв’ю?” Яму імгненна перадалі нейкі аркушык — відаць, там нешта пра мяне было напісана. І ён кажа: “Як жа я магу сказаць “не”, калі назва вашай кнігі такая?! Звярніцеся да Часовага паверанага ў справах Беларусі ў ЗША Алега Краўчанкі і мы гэта неяк арганізуем”. Кніга мая называецца “Разуменне Беларусі, альбо чаму заходняя палітыка б’е міма цэлі”. Яму, зразумела, назва спадабалася. Потым здарылася 19 снежня і я думаў, што нічога не атрымаецца. Але прайшло некалькі месяцаў, я патэлефанаваў Краўчанку і — ўсё арганізавалася. І я не шкадую: гэта было надзвычай цікава.

Еўрарадыё: Ідэі кнігі вы “спантанна” агучылі Лукашэнку напярэдадні 19 снежня, а на сустрэчу паехалі ў чэрвені — амаль праз паўгода. Настроі адрозніваліся?

Рыгор Іофе: Зразумела, я быў узброены пытаннямі, якія ў мяне нарадзіліся пасля гэтых пытанняў. І я іх задаваў. Ужо быў эканамічны крызіс, ужо людзі былі ў турме — задаваў гэтыя пытанні. Але, апроч гэтага, пытаўся і пра тое, пра што я ў любым выпадку цікавіўся бы. Пра яго дзяцінства, да прыкладу, пра тое, што на яго паўплывала, пра некаторыя яго выказванні.



Еўрарадыё: І як ён успрыняў пытанні наконт людзей у турме?

Рыгор Іофе: Я б не хацеў пакуль гэта агучваць, бо я пакуль яшчэ нічога не апублікаваў. Але ён не пазбягаў ніводнага з пытанняў — быў цалкам адкрыты. Іншая рэч — што ён казаў. Вы ж ведаеце, што ён называе гэтых людзей “пятай калонай”, і ён тлумачыў, чаму яны “пятая калона”. Можна па-рознаму ставіцца да яго адказаў, але вельмі каштоўная для мяне тая ступень адкрытасці, якая была ім праяўленая. Я ж не з’яўляюся прадстаўніком нейкай структуры, якая можа на нешта паўплываць, — я толькі магу нешта напісаць.

Еўрарадыё: Сцвярджаюць, што ў Лукашэнкі ёсць пэўная харызма. Вы гэта адчулі? На вас ён паўплываў?

Рыгор Іофе: Я думаю, што ў яго ёсць харызма і пэўны магнетызм. Паўплывала... Відаць было, што гэты чалавек надзелены вялікай унутранай энергіяй. І вялікай упэўненасцю у слушнасці нейкіх сваіх падыходаў. Тое, што ён сам сябе зрабіў, нягледзячы на тое, што ён даволі простага паходжання, — гэта відавочна. Зразумела, што гісторыя паставіць усё на свае месцы і выдасць адзнакі. Але мне падаецца, што якія б адзнакі ні паставілі паводле сістэмы “добра-дрэнна”, ён заўсёды будзе ацэньвацца як першы прэзідэнт Беларусі і надзвычай яркая асоба. У гэтым маім выказванні няма ацэньваючага меркавання, з пункта гледжання пазітыва альбо негатыва. Але гэта асоба, якая шмат што ўзяла ад навакольнага асяроддзя і якая ўмее балансаваць у гэтай геапалітычнай прасторы, узначальваючы краіну без вялікіх рэсурсаў.

Еўрарадыё: Вы ехалі на інтэрв’ю да чалавека, якога называюць апошнім дыктарам Еўропы. Былі нейкія пытанні, якія вы задавалі з пачуццём страху ў душы?

Рыгор Іофе: Не. Спачатку я адчуваў пэўнае хваляванне, але праз нейкіх 15-20 хвілін яно знікла. Бо я адчуў, што чалавек не пазбягае адказаў на пытанні. Пытанні я дасылаў загадзя, але, безумоўна, нейкія я задаваў спантанна, бо размова была дастаткова працяглай.

Еўрарадыё: Якое з вашых пытанняў вам самаму спадабалася?

Рыгор Іофе: Мне было цікава атрымаць адказы на пытанні пра тое, чаму ён называе апазіцыю “пятай калонай”, пра яго адносіны да беларускай мовы, чаму ён Жазэ Барозу назваў “казлом”. Было цікава пачуць расповед пра тое, як ён араў поле ў дзяцінстве, як ён насіў цяжкія батоны хлеба па лёдзе Дняпра з аднаго берага на іншы. Усё гэта было цікава. Разумееце, я не жыву ў Беларусі і я не палітык — я спрабую падысці да яго як да асобы. Без нейкіх прадузятых ацэнак, хоць я разумею, што прадузятыя ацэнкі дамінуюць. Але я стараўся іх адкінуць. Ён сапраўды надзвычай цікавая асоба. Наўрад ці хто будзе ў гэтым сумнявацца. Нават тыя, хто яго вельмі не любіць.

Еўрарадыё: І чаму ён назваў Барозу “казлом”?

Рыгор Іофе: Не скажу, бо гэта адна з разынак. Але пра гэта можна здагадацца, ведаючы тое, чым гэта было выклікана. Можна лёгка здагадацца — тут нічога асаблівага няма. Але ўдакладняць я не хачу.

Еўрарадыё: А што наконт стаўлення да беларускай мовы?

Рыгор Іофе: Па-першае, ён адмовіўся ад усіх адмоўных выказванняў, якія ён калі-небудзь рабіў наконт беларускай мовы. Па-другое, ён сказаў, што гэта пытанне інтымнае і яго не трэба абмяркоўваць — калі нам неабходна 20 гадоў, каб давесці нашую беларускую да ўзроўню нашай рускай, то мы гэты час затрацім. Ён такі, які ён ёсць сёння, разумее, што ёсць патрэба ў мове. І ён з гонарам кажа пра тое, што зараз, падчас паступлення ў ВНУ, больш людзей пішуць сачыненні па-беларуску, чым па-руску. І ён кажа: “Вось, гэта пра Лукашэнку, які нібыта дыктатар! А паглядзіце, што было пры Машэраве, якога ўсе любяць!”. І ягоная праўда, бо менавіта тады бацькам дазволілі хадайнічаць, каб іх дзеці не вывучалі беларускую мову.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці будзе ваша кніга забароненая ў Беларусі?

Рыгор Іофе: Я не выключаю гэтага, але — не думаю. У мяне няма імкнення “сарваць з яго маскі”. А калі ў мяне гэтага няма, то, магчыма, гэта і не здарыцца. Іншае пытанне, што ў мяне няма імкнення спяваць яму асану, ствараць з яго ідэальны вобраз. Не хацелася б думаць, што яе забароняць. Да таго ж, усё, што можа быць забароненае ў Беларусі, можна прывезці з Расіі. Кніга Карбалевіча мінулым летам прадавалася ў адной з галоўных крам Масквы. Бессэнсоўна забараняць нейкую кнігу ў Беларусі — яна ўсё адно туды патрапіць.

Еўрарадыё: Вы плануеце на гэтай кнізе зарабіць?

Рыгор Іофе: Не. Гэта ж не белетрыстыка. Я буду вельмі здзіўлены, калі я нешта зараблю на гэтай кнізе. Гэта было б нядрэнна, але я ведаю, што наўрад ці!

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі