Інстытут сям'і ў Беларусі ў крызісе. Улады закрываюць вочы, і гэта небяспечна

Дзеці становяцца ахвярамі абыякавых дарослых / freepik.com
Дзеці становяцца ахвярамі абыякавых дарослых / freepik.com

16 лютага калегія Міністэрства адукацыі Беларусі збярэцца, каб падвесці вынікі працы за 2022 год. Паводле інфармацыі крыніцы Еўрарадыё, якая працуе ў сістэме аховы дзяцінства, на гэтай сустрэчы міністр адукацыі Андрэй Іванец плануе пагаварыць пра дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Паводле нашага суразмоўцы, будзе агучана шмат статыстычных звестак, якія пасля 2018 года чамусьці замоўчваліся.

“Падчас дакладу міністр параўноўвае статыстыку па сіротах і дзецях, якія засталіся без апекі бацькоў, 2022 года са зручнымі для яго 2020-м і 2021-м гадамі. Зыходзячы з яе можа падацца, што ў нашай краіне ўсё ОК. Але калі параўнаць звесткі з 2017-м, то-бок прааналізаваць сацыялагічна заўважную рэтраспектыву, атрымаецца ўжо не так прыгожа".

Далей крыніца Еўрарадыё эмацыйна тлумачыць маштаб росту колькасці дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.


Велізарная нагрузка на дзяржбюджэт

У 2017 годзе былі выяўленыя 2303 дзіцяці, якія засталіся без апекі бацькоў, а ў 2022-м — 2366. Атрымліваецца, што сістэма забрала з сем'яў на 63 дзіцяці больш. У тым жа 2017-м на ўсынаўленне накіравалі 569 дзяцей, у 2022-м — 438, то-бок розніца — 131 дзіця.

Па сутнасці, мы кажам, што амаль 200 дзяцей па выніках леташняй працы засталіся без бацькоў і ў сістэме.

Институт семьи в Беларуси в кризисе. Власти закрывают глаза, и это очень опасно
Дадзеныя з дакладу / крыніца Еўрарадыё

Яшчэ 5-7 гадоў таму штомесячнае ўтрыманне такога дзіцяці ў інтэрнатнай установе абыходзілася ў 1000 долараў за месяц. Памнажаем гэтую суму на 200 і разумеем, якая велізарная нагрузка кладзецца на наш і без таго слабы бюджэт сёння. Для гэтых 200 чалавек трэба адкрыць альбо 20 дамоў сямейнага тыпу (наняць людзей, забяспечыць усё зверху данізу), альбо пабудаваць два дзіцячыя дамы.

Кожнае дзіця — вельмі вялікія выдаткі.


Мінадукацыі не любіць калупацца ў справах сірот

На жаль, у Міністэрстве адукацыі няма глыбокага разумення таго, што адбываецца ў сацыялогіі сіроцтва, партрэта праблемы проста няма. Ну, вось прыйшоў гэты міністр [Андрэй Іванец. — Еўрарадыё], кандыдат хімічных навук. Можа, у сваёй сферы ён разумее, але дзе ён бачыў сірот?    

На жаль, у нас вельмі мала кампетэнтных людзей, якія маглі б правільна агучваць інфармацыю, ставіць акцэнты і наогул пазіцыянаваць працэсы, якія адбываюцца ў сацыяльным сіроцтве.

Сацыяльнае сіроцтва — гэта вельмі гаваркі працэс. Пачалі выяўляць больш дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Пытанне — а чаму?

Можа, бацькі пачалі больш піць? Пытанне — а чаму? Праз тое, што ва ўсіх праца шыкоўная, так? Можа, ад таго, што ўсе такія паспяховыя ў жыцці, таму непрабудна бухаюць? Гэта ўсё вельмі паказальна.

Сацыялогія сацыяльнага сіроцтва дае вельмі шмат звестак пра дабрабыт у нашых сем'ях, пра тое, як сям'я жыве.

Институт семьи в Беларуси в кризисе. Власти закрывают глаза, и это очень опасно
Ігар і Дар'я Лосікі / фота з сямейнага архіва

Хваліцца асабліва няма чым

Сёння, нягледзячы на пазіцыянаванне ўладаў — маўляў, як у нас усё добра, — інстытут сям'і ў Беларусі працягвае адчуваць крызіс. Чыноўнікі маўчаць, бо не жадаюць гэта прызнаць, а калі прызнаць — давядзецца задумацца пра тое, што рабіць, каб выправіць сітуацыю.

Калі раней многія пытанні сірот вырашаліся дзякуючы грамадскім арганізацыям і проста грамадзянскім ініцыятывам, то якія арганізацыі ў нас засталіся сёння? Усё пазакрывалі, усіх разагналі, усе рэзка ператварыліся ў ворагаў.

А грамадства проста не ў курсе, што дзеецца ў сферы абароны дзяцінства. Сёння мы бачым рост негатыўнай тэндэнцыі. Давайце пачакаем яшчэ пяць гадоў і паглядзім, што будзе. У нас раней было 80 інтэрнатаў і дзіцячых дамоў у краіне. Цяпер яны пачнуць адчыняцца зноў.

Нагадаю, што кожнае дзіця — гэта велізарная каштоўнасць. Хутка мы сабе пенсіі будзем выплачваць самі.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі