Імітавала акцэнт, прыкідвалася геем: як масквічка 3 гады "разводзіла" беларусаў

Фота Следчага камітэта
Фота Следчага камітэта

45-гадовая масквічка Алена Модзіна абвінавачваецца ў Беларусі ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Пацярпелымі па справе прызнаныя 10 чалавек, двое з іх — замежнікі.

Следства выявіла, што Модзіна падрабляла мужчынскі голас, імітавала польскі, украінскі, англійскі акцэнты, а з дапамогай праграмы мяняла знешнасць на фатаграфіі на мужчынскую. Усё гэта працягвалася з 2017 да 2019 года. Расказваем, як працавала махлярка і чаму людзі давяралі ёй настолькі, што нават бралі крэдыты, каб перавесці ёй грошы.

Элін, Эля, Ева, Яна

У пачатку 2019 года ўпраўленне "К" МУС атрымала аператыўную інфармацыю пра тое, што грамадзяне Вялікабрытаніі Дэніс і Эбігейл Патэн займаюцца ў Беларусі махлярствам. Следчыя высветлілі, што Патэны ў рэальнасці не існуюць. Гэта сеткавыя персанажы, за якімі хавалася грамадзянка Расіі Алена Модзіна. Яна "працавала" і пад іншымі псеўданімамі — Элін, Эля, Ева, Яна, Jadviga Tocka.

У сацсетках і месенджарах Модзіна знаёмілася з людзьмі і ўціралася да іх у давер, даведвалася пра іх інтарэсы і асаблівасці, захапленні і слабыя месцы. "Сацыяльны інжынірынг" расіянка выкарыстоўвала, каб выманьваць у людзей грошы. Такіх махляроў называюць скамерамі.

Имитировала акцент, притворялась геем: москвичка 3 года "разводила" белорусов
Алена Модзіна ў мужчынскім абліччы / Следчы камітэт

Следства выявіла, што ў перыяд з 2017 да 2019 года, калі Модзіна знаходзілася ў Беларусі, яна выманіла больш за $2400, 18 тысяч рублёў, 38,7 тысячы еўра. 24 мая Алене Модзінай было прад'яўлена абвінавачанне па частцы 4 артыкула 209 — махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры. Абвінавачванай пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці. 

Уцерлася ў давер да латвійца і прапанавала яму працу ў Лондане

Напрыклад, пад маркай гадоўлі дарагіх парод сабак расіянка выманьвала грошы ў сабакароў. Мінчанка Арына расказала Еўрарадыё пра тое, што займалася з бультэр'ерамі Модзінай, таму абвінавачваная часта бывала ў гасцях у жанчыны.

"Дзякуй богу, яна нас не падманвала, але спрабавала выманіць якую-небудзь суму. Але мы адмаўлялі, бо ў саміх на той момант не шмат заставалася", — расказала Арына.

Прадстаўляючыся Дэнісам Патэнам, анкахворым геем з Рыгі, Алена Модзіна выклікала спачуванне ў дзяўчыны, якая знаходзілася ў складанай жыццёвай сітуацыі, і выманіла ў яе 15 тысяч рублёў. Грошы "Дэніс Патэн" прасіў пераводзіць сястры, ролю якой іграла сама Модзіна.

Имитировала акцент, притворялась геем: москвичка 3 года "разводила" белорусов
Алена Модзіна / ВК

17 тысяч еўра Алена Модзіна выманіла ў чалавека нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі з іншай краіны. А прадставіўшыся супрацоўнікам амбасады Латвіі, масквічка уцерлася ў давер да латвійца і прапанавала яму працу ў офісе буйной кампаніі ў Лондане. Кампанія нібыта займалася юрыдычнай дапамогай экспатам. Пад маркай афармлення дакументаў Модзіна папрасіла перавесці на рахунак 19 тысяч еўра. У іншага мужчыны пад маркай развіцця бізнесу жанчына выманіла 4 тысячы рублёў, якія пацярпеламу давялося ўзяць у крэдыт.

Па словах сілавікоў, грошы абвінавачваная атрымлівала праз пераводы, у тым ліку міжнародныя. Яна ніколі не называла нумара свайго рахунку, а карысталася рахункамі ўжо падманутых ёй людзей. Зараз следчыя вывучаюць тэхніку абвінавачванай, а таксама яе перапіскі ў месенджарах і сацсетках. А ахвяры Модзінай, якія атрымлівалі пераводы на свае пашпарты, асцерагаюцца, што ў наступным годзе ім прыйдзецца рабіць справаздачу перад падатковай — і плаціць падаткі за грошы, якія прызначаліся хітрай расіянцы:

"Сумы розныя. Агульная сума ўжо дастаткова буйная, але мы, відавочна, не ўсё ведаем. Галоўнае — незразумела, што гэта за грошы. Ёсць небяспека, што за іх могуць пакараць пасля людзей, якія атрымлівалі пераводы на свой пашпарт. Акрамя таго, не ўсе беларусы ў курсе, што за ўсе атрыманыя для яе пераводы з-за мяжы ў 2020 годзе давядзецца даць справаздачу ў падатковую і аплаціць падаходны падатак 13 % (ці 16 %, калі не дадуць справаздачу добраахвотна ці не змогуць растлумачыць, што за грошы)".

Скамінг без межаў

Яшчэ ў 2011 годзе "УКантакце" з'явіўся суполка "Мошенница на доверии Лена Модина". Там карыстальнікі апісвалі схемы, па якіх працавала расіянка. У 2012 годзе Модзіну судзілі ў Прэсненскім раённым судзе Масквы. Віну жанчына прызнала. Яе прысудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму, яна вызвалілася ў 2014 годзе.

У 2017 годзе ў суполцы — новы ўсплёск актыўнасці. Там апублікаваны пост пра юзера Guy_from_Brooklyn з сэрвісу "Дзённікі". Карыстальнік браў тавары ў майстроў з абяцаннем чагосьці ўзамен, але так нічога і не перадаваў.

"УВАГА! На дадзены момант устаноўлена, што за ўсім гэтым стаіць вядомая махлярка на даверы Алена Модзіна, якая ў мінулым ужо адбыла тэрмін за аналагічнае злачынства", — напісана ў посце.

Новыя публікацыі ў суполцы пачалі з'яўляцца ў траўні 2019 года — за два дні да таго, як Модзінай прад'явілі абвінавачанне. "Свежыя навіны тэлеграфным радком. Модзіна арыштаваная ў Мінску. Пацярпелыя пішуць заявы. Зараз чакаем падрабязнасцяў", — напісала адміністратар суполкі Кацярына Ліванава.

23 мая Валерыя Ніканава расказала, як Модзіна пад маркай таго, што яе пашпарт знаходзіцца ў амбасадзе, папрасіла хлопца атрымліваць пераводы для яе на свой пашпарт ад чалавека па імі "Andrejs Kosinetcs". У суполку прыходзяць і іншыя пацярпелыя ад "сацыяльнага інжынірынгу". Акрамя беларусаў, тут ёсць расіяне, украінцы, латвійцы. Увогуле кажучы, скамінг без межаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі