"Іконы рэкамендуем не цалаваць": у Беларусі пройдзе малебен супраць каранавіруса

Храм у гонар прападобнага Серафіма Сароўскага, в. Абухава / orthos.org
Храм у гонар прападобнага Серафіма Сароўскага, в. Абухава / orthos.org

Беларуская праваслаўная царква сур'ёзна ўзялася за каранавірус. 2 красавіка мітрапаліт Павел з копіяй крыжа Ефрасінні Полацкай абляцеў Беларусь на самалёце. А 4 красавіка пройдзе яшчэ адно мерапрыемства: храм Серафіма Сароўскага, які знаходзіцца ў аграгарадку Абухава Гродзенскай вобласці, запрашае прыхаджан на "малебен супраць распаўсюджвання эпідэміі каранавіруса на землях нашага сельсавета".

— Малебен — гэта, па-першае, духоўная абарона. Па-другое — псіхалагічны спакой будзе, — расказвае Еўрарадыё айцец Ігар, настаяцель храма. — Хоць заражаных мала, але ў людзей паніка ёсць, ёсць боязь хадзіць у грамадскія месцы.

Мы не фанатыкі, ніколі не забаранялі звяртацца ў бальніцы, выкарыстоўваць навуковыя дасягненні. Але дзяржаўная бальніца — гэта бальніца фізічная. А царква — гэта бальніца духоўная.

Мы заўважаем, што боязь хадзіць у грамадскія месцы ў разгар пандэміі мае пад сабой усе падставы. Мінздароўя цяпер рэкамендуе без вострай неабходнасці нават проста на вуліцу не выходзіць. А малебен — гэта масавы збор людзей, прычым значная частка тых, хто наведвае храм, — людзі сталага ўзросту, якія знаходзяцца ў групе рызыкі па COVID-19.

— Цяпер, тыдні тры ўжо, і ў нас, і, напэўна, у касцёлах людзей ходзіць ад сілы траціна. Таму адлегласць паміж людзьмі вытрымліваць цалкам магчыма, — адказвае айцец Ігар. — На ўваходзе ў храм стаіць сродак для дэзынфекцыі, каб людзі маглі апрацаваць рукі. Сродкам апрацоўваецца ўсё, да чаго датыкаюцца: дзвярныя ручкі, парэнчы, столікі. Тыя іконы, якія людзі звычайна цалуюць, цяпер мы рэкамендуем не цалаваць, а, калі хочуць, трошкі лбом дакрануцца. Але лепш гэтага не рабіць.

Але, магчыма, вы маеце рацыю. Напэўна, будзем праводзіць праз інтэрнэт, аб'явім прыхаджанам, каб не прыходзілі. З фарматам анлайн буду даведвацца, таму што сам я ў гэтым не дасведчаны. Калі знайду людзей, якія змогуць дапамагчы неяк...

— Але ж не ва ўсіх прыхаджан у вёсцы ёсць інтэрнэт?

— Тады індывідуальна будзем хадзіць па дамах. Аб'явім, што, калі каму трэба, могуць паклікаць, прыйдзем памолімся, не пытанне.

Заразіць тых, хто выкліча святара дадому, айцец Ігар не баіцца. Каранавіруса ў вёсцы пакуль не выяўлялі, а сам святар адчувае сябе здаровым.

У храме плануюць не абмяжоўвацца малітвай толькі за аграгарадок.

— У традыцыях хрысціянства мы молімся за сельскі савет, за нашы землі і за ўсю рэспубліку. Спачатку ідзе наша прашэнне, потым — усё астатняе.

Айцец Ігар верыць, што Бог абавязкова абароніць Беларусь. Галоўнае — яго аб гэтым папрасіць. У храме нам нават прапанавалі памаліцца за здароўе журналіста Еўрарадыё. Мы адмаўляцца не сталі: чым Бог не жартуе?

“Иконы рекомендуем не целовать”: в Беларуси пройдёт молебен против коронавируса

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі